15 і 16 снежня "Вясна" працягвае фіксаваць новыя факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, выклікі ў міліцыю, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Пераслед 16 снежня
У Цэнтральны апарат Следчага камітэта на 10:00 выклікалі старшыню БАЖ Андрэя Бастунца, паведамляе БАЖ. Яго выклікалі на допыт у якасці сведкі па крымінальнай справе аб закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (арт. 361 Крымінальнага кодэксу).
Таксама ў Бабруйску ў міліцыю выклікалі журналістку і лідарку мясцовай суполкі Беларускай асацыяцыі журналістаў Марыну Маўчанаву, піша БАЖ.Раніцай журналістцы патэлефанаваў чалавек, якія назваўся супрацоўнікам Крымінальнага вышуку, і запрашаў Марыну прыйсці ў міліцыю без позвы для допыту па факце з’яўлення ў горадзе нейкіх “антыпрэзідэнцкіх графіці”. Маўляў, Марыну выклікаюць, бо раней яна “трапляла ў поле зроку міліцыі”. Марына адмовілася ісці на допыт без позвы.
Пераслед 15 снежня
У Бараўлянах быў затрыманы Аляксей Арцішэўскі. Да яго дамой прыехалі супрацоўнікі міліцыі і забралі. Раней Следчы камітэт забіраў у яго тэлефон.
У каледж да Андрэя Дзмітрыева прыходзілі супрацоўнікі міліцыі і паведамілі яму аб тым, што ў дачыненні да яго будзе распачата крымінальная справа, але па якім артыкуле — невядома.
Ноччу ў Мінску пасля ператрусу быў затрыманы ў межах крымінальнай справы Сяргей Зялінскі. Яго даставілі ў Заводскае РУУС.
Праваабаронцам паведамілі, што крымінальную справу ўзбудзілі на актывіста штаба Віктара Бабарыкі, валанцёра "Сумленных людзей" 38-гадовага Віктара Лосіка. Яго затрымалі на "Маршы волі" 6 снежня і асудзілі па арт. 23.34 КаАП на 8 сутак. Цяпер стала вядома, што на яго завялі дзве крымінальныя справы па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: 339 (хуліганства) і 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці). Што менавіта яму ставяць у віну — пакуль невядома.
Таксама вядома, што супрацоўнікі Маскоўскага РУУС затрымлівалі жанчыну за бчб-сцяг на лоджыі. Негледзячы на тое, што ў жанчыны дома непаўнагадовае дзіця, яе адправілі да суда па арт. 23.34 КаАП на Акрэсціна.