У аўторак, 17 лістапада, у следчым ізалятары №6 у Баранавічах, дзе цяпер таксама ўтрымліваюцца адміністрацйныя асуджаныя, на выязным судовым паседжанні асудзілі на 15 сутак арышту незалежную журналістку і праваабаронцу “Вясны” Марыну Кастылянчанка. У баранавіцкім ізалятары яна адбывае прысуджаныя раней 15 сутак арышту па арт. 23.34 і 23.4 КаАП. Мясцовы суддзя Мікалай Кміта зноў арыштаваў журналістку па арт. 23.34 КаАП нібы за ўдзел у шэсце 25 кастрычніка. Такім чынам, пад арыштам праваабаронца агулам правядзе 30 сутак. Марына Кастылянчанка мусіла выйсці на волю пасля 15-сутачнага арышту ў суботу 14 лістапада ў 18:30. Але праз паўгадзіны чакання пад сценамі СІЗА да блізкіх журналісткі і іншых затрыманых з ёй у кавярні 30 кастрычніка выйшлі супрацоўнікі міліцыцыі і паведамілі, што яны зноў затрыманыя ў межах адміністрацыйнага працэсу і на волю сёння не выйдуць. Як распавялі баранавіцкія міліцыянты, за паўгадзіны да вызвалення Марыны і яшчэ пяці чалавек яны атрымалі рапарт ад супрацоўнікаў ГУБАЗіКа аб тым, што яны нібы 25 кастрычніка ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным шэсці ў Мінску. Таму яны затрыманыя для складання пратаколаў па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

Марына Кастылянчанка
Незалежная журналітска і праваабаронца "Вясны" Марына Кастылянчанка

Разам з Марынай Кастылянчкай былі затрыманыя на 72 гадзіны Аляксандр і Наталля Сенкавец, Уладзіслаў Машчук, Марыя Шаблінская, Уладзімір Ларыёнаў. Іх таксама разам затрымалі 30 кастрычніка ў кавярні Döner Kebab у Мінску пасля сустрэчы з “сутак” Аляксандра Бялова, пасля чаго асудзілі на 15 сутак арышту кожнага і кожную. Вядома, што пасля таго, як іх не выпусцілі ў суботу з СІЗА-6, Аляксандр Сенкавец абвясціў галадоўку ў знак нязгоды з новым пратаколам. Яго сукамернік распавёў, што ён трымаў галадоўку да суда.

Судовыя працэсы над журналісткай і яшчэ пяцю чалавекамі, якія таксама адбываюць адміністрацыйны арышт у СІЗА-6, у раскладзе суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавіч з’явіліся толькі ў аўторак пасля абеду. Але яны былі, па сутнасці, закрытымі: было арганізавана выязное паседжанне ў ізалятар. Праваабаронцы “Вясны” не змаглі на яго патрапіць, каб ажыццявіць маніторынг.

Ва ўсіх шасці чалавек, у тым ліку ў Марыны Кастылянчанка, у раскладзе значылася судовае разбіральніцтва справаў аб адміністрацыйнах правапарушэннях па ч. 1 арт. 23.34 КаАП. Хаця яны ўжо адбывалі да 14 лістапада арышт па гэтаму артыкулу, таму, відавочна, што пратаколы на іх павінны былі быць складзены па частцы трэцяй – “дзеянні, прадугледжанныя часткай 1, учыненыя паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж парушэнні”. Але як адбываўся працэс, ці сапраўды іх судзілі па такіх пратаколах, ці адпраўлялі на дапрацоўку – невядома.

У выніку, суддзя Мікалай Кміта на выязным судовым паседжанні асудзіў незалежную журналістку і праваабаронцу “Вясны” Марыну Кастылянчанку на 15 сутак арышту.

Таксама суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавіч асудзіў 17 лістапада Марыю Шаблінскую і Наталлю Сенкавец на 10 сутак арышту, а Уладзіслава Машчука, Уладзіміра Ларыёнава і Аляксандра Сенкавец на – 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Уладзімір абвясціў галадоўку ў знак нязгоды з вынесеным рашэннем суда.

Заўтра, 18 лістапада, у 14:30 ў Мінскім гарадскім судзе адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі журналісткі на пастанову суда Заводскага раёна ад 2 лістапада, якой яна была асуджана на 15 сутак арышту.

Нагадаем, праваабаронцу «Вясны» Марыну Кастылянчанка 2 лістапада суд Заводскага раёна Мінска асудзіў па двух артыкулах КаАП: 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў). Яе абвінавацілі ў тым, што 30 кастрычніка яна «ўдзельнічала ў несанкцыянаваным пікетаванні за змену ўлады, выкрыквала лозунгі «Трыбунал», «Жыве Беларусь», «Сыходзь», а пры затрыманні аказала супраціў супрацоўнікам міліцыі, адмаўляючыся прайсці ў службовы транспарт». Суддзя Жанна Хвайніцкая прызнала яе вінаватай і прыняла рашэнне арыштаваць Марыну на 15 сутак. Праваабаронца цалкам не прызнала віну і назвала абвінавачванні абсалютнай выдумкай.  

Крыніца: Журналістку Марыну Кастылянчанка зноў асудзілі на 15 сутак. Агулам у СІЗА яна правядзе месяц