Людзі нясуць пратэстоўца, параненага светлашумавой гранатай падчас поствыбарнай акцыі пратэсту ў Мінску 9 жніўня 2020 года. Фота: svaboda.org Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка звярнуўся да пракурора горада з заявай на непрапарцыйнае ўжыванне фізічнай сілы, зброі і спецыяльных сродкаў, катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага абыходжання супрацоўнікамі сілавых ведамстваў да затрыманых удзельнікаў мірных акцый пратэсту.

У ім праваабаронца просіць распачаць крымінальную справу паводле шматлікіх фактаў дзеянняў, якія падпадаюць пад дыспазіцыі ч. 3 арт. 426 КК (Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў) і ч. 3 арт. 455 КК (Злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады альбо бяздзейнасць улады), учыненых супрацоўнікамі міліцыі і вайскоўцамі.

На думку Паўла Сапелкі, падставамі для крымінальнага пераследу павінны стаць факты прымянення фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі ў парушэнне:

"Бяздзейнасць органаў пракуратуры ў сітуацыі, якая склалася, будзе прычынай, па якой стануць страчаныя доказы здзяйсненняў злачынстваў або іх атрыманне будзе абцяжарана. Нагадваю, што прыняцце рашэнняў па заявах або паведамленнях аб злачынствах, учыненых службовымі асобамі органаў унутраных спраў, дзяржаўнай бяспекі ў сувязі з іх службовай ці прафесійнай дзейнасцю, адносіцца да выключнай кампетэнцыі як органаў папярэдняга следства ў адпаведнасці з іх падследнасцю, так і пракурора", - падкрэслівае ў заяве юрыст "Вясны".

Асобна Павел Сапелка звяртае ўвагу пракурора на факты ўтрымання затрыманых і арыштаваных у непрыстасаваных умовах і ўстановах, а таксама прымянення да змешчаных пад варту катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага абыходжання (пакіданне без ежы, вады, утрыманне ў перапоўненых камерах) у парушэнне дзеючага заканадаўства.

Праваабаронца падкрэслівае ў заяве, што супрацоўнікамі АУС былі татальна праігнараваныя рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя і СААЗ па недапушчэнні распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі ў закрытых установах: затрыманых ўтрымлівалі ва ўмовах цеснаты, без сродкаў індывідуальнай абароны.

Павел Сапелка прасіў таксама пракурора горада паведаміць аб колькасці паступіўшых у гарадскую і раённыя пракуратуры па Мінску паведамленняў аб раненні і смерці асобаў з прычыны прымянення фізічнай сілы, спецсродкаў, зброі, баявой і спецыяльнай тэхнікі на акцыях мірных пратэстаў з 9 па 13 жніўня.

Крыніца: Павел Сапелка: "Бяздзейнасць пракуратуры будзе прычынай, па якой стануць страчаныя доказы злачынстваў"