Ілюстрацыйнае фота "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Прынамсі тры дзясяткі замежных карэспандэнтаў, якія хацелі прыехаць у Беларусь, каб асвятляць прэзідэнцкія выбары, дагэтуль не атрымалі акрэдытацыю, паведамляе Радыё Свабода. Прычынай назвалі каранавірус, праз які камісія па акрэдытацыі ня можа сабрацца.

«Хто падаваў дакументы ў траўні, яшчэ паспелі, хто ў чэрвені і ліпені — ужо не»

Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі кажа, што ў БАЖ са скаргамі звяртаецца шмат замежных калег, якіх МЗС Беларусі дагэтуль не акрэдытаваў на выбары.

«Мы ведаем прынамсі пра 25 такіх фактаў. Дакладней, на 25-м мы перасталі лічыць. Краіны, з якіх звяртаюцца калегі, самыя розныя: Нямеччына, Францыя, Швейцарыя, скандынаўскія краіны, Польшча, Чэхія...

Тыя, хто падаваў дакументы ў траўні, яшчэ паспелі атрымаць акрэдытацыю, хто ў чэрвені, ліпені — ужо не. А потым, мабыць было нейкае палітычнае рашэнне — не даваць акрэдытацыі. Хтосьці яшчэ спадзяецца, але ж да выбараў засталося 4 дні. Некаторыя замежныя СМІ шукаюць у Беларусі журналістаў, якія б маглі даваць інфармацыю ім», — кажа Барыс Гарэцкі.

Афіцыйнае тлумачэнне МЗС — эпідэміялягічная сытуацыя

Здымачнай групе аднаго ўкраінскага тэлеканалу прапанавалі прайсці двухтыднёвы каранцін, калі яны хочуць працаваць на выбарах у Беларусі.

Польскі журналіст Міхал Патоцкі пісаў у фэйсбуку 27 ліпеня:

«Сёння я пачуў ад прадстаўніка Міністэрства замежных спраў, што пакуль праз эпідэмію не збіраецца камісія па акрэдытацыі. На пытанне, калі збярэцца, ён адказаў: „Не ведаю“. Вось так вось. Я не прапусціў ніводных парламенцкіх або прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі з 2008 году. Было б тым сумней, калі б мне не ўдалося гэтым разам, беручы пад увагу ўсё тое, што там цяпер адбываецца».

Чэскі журналіст, рэдактар замежнай рубрыкі Lidové noviny Томаш Влах 1 жніўня напісаў:

«Сцвярджаецца, нібыта „камісія не можа сабрацца з прычыны каранавірусу“. Калі так і застанецца, то за беларускімі выбарамі не будзе назіраць ніхто з іншаземцаў».

Праз каранавірус не атрымалі акрэдытацыі француская журналістка Клэр Гацінуа, журналістка са Славаччыны Крысціна Чрэнкава, польскі фотарэпарцёр Якуб Камінскі і іншыя.

«Заканадаўства ж ніхто не адмяняў»

Парадак акрэдытацыі журналістаў замежных СМІ ў Рэспубліцы Беларусь, зацверджаны Саветам Міністраў 25.12.2008 году, прадугледжвае, што заяўкі для часовай акрэдытацыі журналістаў павінны быць разгледжаныя не пазней як за 20 дзён з дня атрымання.

«З прычыны каранавірусу быццам бы не можа сабрацца камісія. Але ж заканадаўства ніхто не адмяняў — у 20-дзённы тэрмін МЗС павінен разгледзець заявы. Але ёсць жа Zoom, можна ж і дыстанцыйна правесці пасяджэнне», — кажа намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Атрымаць апэратыўны каментар у МЗС Свабодзе не ўдалося — прэс-сакратар другі дзень «на мерапрыемствах у кіраўніка дзяржавы».

Крыніца: Замежныя карэспандэнты не могуць трапіць на выбары. Нібыта праз каранавірус