Пасля суткавых пошукаў актывіста "Моладзевага блоку" Пятра Маркелава, увечары 30 ліпеня стала вядома, што яго таемна асудзілі на 12 сутак арышту нібы за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах па ч. 3 арт. 23.34 КаАП.  Пётр Маркелаў. Фота Радыё Свабода

Як паведаміла маці Пятра Маркелава ў фэйсбуку, 30 ліпеня суд Маскоўкага раёна Мінска асудзіў яго па ч. 3 арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) на 12 сутак арышту. У чым канкрэтна абвінавацілі актывіста – невядома, бо пра суд нікому не паведамілі, адпаведна,  туды ніхто не змог патрапіць.

Пятра Маркелава супрацоўнікі АМАПу затрымалі каля 23:30 29 ліпеня пад будынкам СІЗА №1 у Мінску, дзе аб'явілі галадоўку сваякі палітвязня Дзмітрыя Фурманава. Ён з іншымі прыйшоў падтрымаць дзяўчыну Дзмітрыя Вольгу Каракіну, якая трымае там галадоўку з 26 ліпеня. Прычына затрымання – нібы актывіст падобны на нейкага чалавека, у адносінах да якога маюцца падставы для затрымання. Цэлыя суткі розныя ведамствы Беларусі адмаўляліся прадастаўляць бацькам і сябрам Пятра Маркелава яго месцазнаходжанне і прычыны затрымання. І толькі ўвечары стала вядома, што Пятра Маркелава адправілі адбываць 12-сутачны арышт.

Крыніца: Актывіста Пятра Маркелава асудзілі на 12 сутак