Міліцыя на Ланцугу салідарнасці ў Слоніме. Фота з сацыяльных сетак. Разгляд адміністрацыйных спраў над затрыманымі падчас стыхійных акцый "Ланцугі салідарнасці" працягваюцца сёння, 23 чэрвеня, у розных гарадах Беларусі.

Віцебск.

У судзе Чыгуначнага раёна г. Віцебска працягнецца разгляд справы Т. Філімонавай. 22 чэрвеня суддзя Алена Грэбенчук выявіла недахопы ў матэрыялах справы і вярнула яе на дапрацрўку ў РАУС. Пачатак судовага паседжання прызначаны на 16-00.

Ганцавічы.

У мясцовым судзе разглядаецца справа апошняга з затрыманых падчас ланцуга салідарнасці Валерыя Чурака. Пратаколы складзены па арт. 23.34 і 23.4 КаАП. Справу разглядае суддзя Уладзімір Космач.

Наваградак.

У Навагрудку 21 чэрвеня на ланцугу салідарнасці ў цэнтры горада былі затрыманыя Алег Аляшкевіч, Андрэй Акупінскі, Сяргей Казак, Аляксандр Камісараў, Сечка Сяргей, Сечка Алена. Іх адвезлі ў мясцовы РАУС, дзе склалі пратаколы па арт. 23.4 КаАП.

Жонка аднаго з затрыманых – Аляксандра Камісарава з Карэліч распавяла, як яна спрабавала адшукаць свайго мужа.

Затрыманне праводзілі людзі у цывільным, якія наскочылі ззаду, кіраваў імі адзін чалавек у цывільным, які казаў – каго затрымліваць. З Аляксандрам Камісаравым затрымалі Сяргея і Алену Сечка. Алену адпусцілі з аддзялення міліцыі каля апоўночы, бо яна казала, што дома у яе дзеці. Астатнія засталіся ў ізалятары.

Жонка Аляксандра спрабавала дазнацца пра яго лёс яшчэ у нядзелю, але яе не пусцілі у РАУС, сказалі, што у іх каранцін. У панядзелак яна патрапіла туды без праблем. Такім чынам, “праваахоўныя” органы выкарыстоўваюць сітуацыю з хваробай дзеля таго каб у парушэнні закона хавацца ад родзічаў тых каго яны затрымліваюць. У рэшце яна змагла дазнацца, што мужа адвезлі у ІЧУ у Карэлічы, і ў панядзелак будзе суд. Але ў панядзелак ёй паведамілі, што у іх няма ніякай інфармацыі пра затрыманых. У РАУСе сказалі, зараз афармляюць паперы і адправяць праз гадзіну. Праз 2 гадзіны сказалі, што ўжо паехалі ў суд.

Потым аказалася, што няма канвоя і трэба телефанаваць у Карэлічы, а ў Карэлічах паведамілі, што чакаюць і гатовыя везці, але не маюць загада з Наваградка. Так вось Аляксандр Камісараў больш сутак чакае суда. Верагодна, суды ў Наваградку адбудуцца сёння.

Інфармацыя ўвесь час будзе абнаўляцца і дапаўняцца.

Суды за ўдзел у "Ланцугах салідарнасці" у рэгіёнах. Спіс

У панядзелак, 22 чэрвеня, у розных гарадах Беларусі распачаліся суды над затрыманымі падчас стыхійных акцый "Ланцугі салідарнасці". У асноўным, іх судзяць па артыкулах 23.34 КаАП і 23.4 КаАП.

Крыніца: Суды ў рэгіёнах працягваюцца ў аўторак