Раніцай 15 чэрвеня быў затрыманы каардынатар ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай у Наваполацку Яўген Вільскі.
Як актывіст паведаміў праваабаронцам, яго затрымалі ў 7.30 раніцы каля аўтамабіля. У міліцыі на Яўгена Вільскага склалі адразу тры адміністрацыйныя пратаколы, пасля чаго адпусцілі. Суд прызначылі на 25 чэрвеня.
Тым часам 60-гадовы сябра ІГ Ціханоўскай Алег Баброўскі, які быў затрыманы 7 чэрвеня і арыштаваны на 20 сутак, аб’явіў галадоўку. Пра гэта ягонай маці паведаміў адзін з тых, хто сядзеў з ім у ЦІПе. Таксама бацька Алега Баброўскага зараз знаходзіцца ў цяжкім стане, які пасля арышту сына злёг у пасцель і не ўстае. Маці спрабавала перадаць перадачу, але яе не ўзялі.
Інфармацыя будзе дапоўненая
Нагадаем, зараз за кратамі знаходзяцца шматлікія сябры ініцыятыўнай групы патэнцыйнай кандыдаткі на пасаду прэзідэнта Святланы Ціханоўскай. Блогеру "Краіны для жыцця" Сяргею Ціханоўскаму, Аляксандру Арановічу, Арцёму Сакаву, Васілю Баброўскаму, Вяргілію Ушаку, Дзмітрыю Фурманаву, Уладзіміру Навуміку, Яўгену Разнічэнку, Уладзіміру Кнізе, Андрэю Новікаву прад'яўленыя абвінавачванне ў здзяйсненні крымінальнага злачынства па арт. 342 Крымінальнага кодэкса "Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Усе яны знаходзяцца ў СІЗА-1.
Акрамя таго, у Мінскім ІЧУ знаходзяцца пад 15-суткавым арыштам фермер з Мазыра Аляксандр Вянгура, блогер, які вёў канал “Мазыр для жыцця”, Аляксандр Цуканаў, яго сябар Дзяніс Колас і мадэратар сацсетак “Краіны для жыцця” Дзмітрый Папоў (грамадзянін Расіі).
Крыніца: На каардынатара ініцыятыўнай групы Ціханоўскай з Наваполацку склалі адразу тры пратаколы