Сустрэча прыхільнікаў Сяргея Ціханоўскага ў Гародні Восьмага траўня ў Беларусі працягваюцца затрыманні і выклікі ў міліцыю прыхільнікаў затрыманага блогера Сяргея Ціханоўскага, а таксама тых, хто пачаў выходзіць па нядзелях на галоўныя плошчы сваіх гарадоў і карміць галубоў у знак салідарнасці з экалагічнымі актывістамі Брэста.

Гродна

З раніцы нарад міліцыі завітаў на кватэру, дзе пражывае актывіст Мікалай Салянік. Жонка Саляніка сказала, што мужа няма ў хаце. Але міліцыя засталася дзяжурыць пад домам. Салянік перакананы, што міліцыянты маюць загад затрымаць яго, паколькі ён быў актыўным удзельнікам сустрэч з блогерам Сяргеям Ціханоўскім, правёў акцыю супраць дзеянняў аба бяздзеянняў уладаў пад час пандэміі, а таксама быў актыўным ўдзельнікам акцыі кармлення галубоў у Гародні, дзе апратэстоўвалася затрыманне і суд над Ціханоўскім.

Адну з удзельніц гэтай акцыі, Алену Сахарчук, з раніцы міліцыя забрала прама з працоўнага месца. Яна працуе ў Гародні на “Азоце”. Алена Сахарчук напісала заяву на адпачынак за свой кошт, як ёй параілі і міліцыя і адміністрацыя прадпрыемства, пасля чаго яе забрала міліцыя і павезла ў Ленінскі РАУС Гародні.

Затрыманы ўдзельнік акцый у падтрымку Ціханоўскага Васіль Калач. Ён выйшаў на працу і па дарозе на яе быў затрыманы.

Ліда

Сёмага траўня ў Лідзе былі затрыманыя былі затрыманыя Андрэй Паляковіч і фельчар хуткай дапамогі Павел Палейчык. Верагодна іх будуць судзіць сёння ў судзе Лідскага раёна. Спрабавалі затрымаць учора яшчэ некалькі чалавек.

Восьмага траўня зранку быў затрыманы лідчанін Алег Краўцоў, які прыходзіў на сустрэчу з Ціханоўскім, калі той прыязджаў у Ліду. Таксама затрыманы яшчэ адзін фельчар хуткай дапамогі - яго прозвішча Аляксей Краўчук. Яго затрымалі проста ў будынку суда, куды ён прыйшоў разам з іншымі чакаць суду над затрыманымі напярэдадні.

Сцешын (каля Жлобіна)

Міліцыя прыйшла да мясцовага прыхільніка сяргея Ціханоўскага Аляксея. Зараз ён не выходзіць на сувязь. 

Магілёў 

Затрыманы журналіст ПЦ "Вясна" Аляксандр Буракоў.

Інфармацыя будзе дапаўняцца.

Акрамя Ліды суды над прыхільнікамі блогера Сяргея Ціханоўскага сёння чакаюцца ў Магілёве, Віцебску і Гомеле.

Новыя затрыманні прыхільнікаў блогера Ціханоўскага прайшлі ў розных гарадах краіны

Сёмага траўня ў розных гарадах краіны працягнуўся пераслед грамадзян, якія ў апошнія дні выходзілі на мясцовыя акцыі пратэсту: у падтрымку экаактывістаў Брэста (“кармленне галубоў”) і ў падтрымку Сяргея Ціханоўскага. Не абыйшлося і без жорсткіх затрыманняў.

Інфармацыя па затрыманых будзе ўдакладняцца. Калі вас ці вашых знаёмых затрымалі, ці выклікаюць у міліцыю з нагоды ўдзелу ў акцыях пратэсту, просім звяртацца да праваабаронцаў:  Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. (грамадская прыёмная), маб.: (029) 841 39 81 (грамадская прыёмная)  Signal, WhatsApp, Telegram.

Крыніца: Пераслед прыхільнікаў блогера Ціханоўскага працягваецца восьмага траўня