Філіп Шаўроў. Фота з сацыяльных сетак Актывісту “Маладога Фронту” Філіпу Шаўрову, затрыманаму за расфарбаваныя рукі помніка Пушкіну, прад’явілі канчатковыя абвінавачванні. Як паведаміла “Вясне” яго жонка Вольга, у яго крымінальнай справе акрамя інцыдэнту з помнікам яшчэ два эпізоды.

Паводле апошняга абвінавачання Філіпа Шаўрова могуць пакараць арыштам, абмежаваннем волі на тэрмін да 3 гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад 1 да 6 гадоў.

Па інфармацыі “Радыё Свабода”, агульны памер шкоды па трох эпізодах па ацэнках следства складае 228 рублёў 93 капейкі.

Актывісту адмовілі ў хадайніцтве аб змене меры стрымання, ён працягвае знаходзіцца ў СІЗА №1 на вул. Валадарскага. Двухмесячны тэрмін утрымання пад вартай у яго заканчваецца 20 сакавіка, але яго жонка мяркуе, што хутчэй за ўсё яго працягнуць яшчэ на месяц.

Маладафронтавец Філіп Шаўроў быў затрыманы 19 студзеня пасля таго, як сам прыйшоў у міліцыю, каб распавесці, што гэта менавіта ён расфарбаваў рукі помніка Пушкіну. У актывіста прайшоў вобшук, падчас якога была вынята вопратка. Праз некалькі дзён пасля затрымання яму было прад’яўлена першае абвінавачанне.

Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Крыніца: Філіпу Шаўрову прад’яўлена канчатковае абвінавачванне. Яму пагражае да 6 гадоў зняволення