Высновы: Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед

У месцах пазбаўлення волі працягваў знаходзіцца прызнаны беларускай праваабарончай супольнасцю палітвязнем Міхаіл Жамчужны.

Як стала вядома праваабаронцам “Вясны”, пасля адбыцця трох месяцаў у памяшканні камернага тыпу Міхаіл Жамчужны быў неаднаразова змешчаны ў ШІЗА, а з 20 студзеня 2020 г. зняволены зноў накіраваны ў ПКТ.

Так, 23 снежня 2019 года за адмову выпраўляцца ў атрад Міхаіл Жамчужны быў пакараны 7 суткамі штрафнога ізалятара, адразу па выхадзе яму было прызначана яшчэ 10 сутак ШІЗА. З 10 студзеня 2020 г. палітвязень зноў адбываў 10 сутак у ШІЗА. Пасля гэтага Міхаілу Жамчужнаму на той жа падставе прызначылі спагнанне — тры месяцы ПКТ. Там асуджаны будзе знаходзіцца прыблізна да 20 красавіка 2020 г.

Вычарпаўшы ўсе сродкі прававой абароны на нацыянальным узроўні, чатыры фігуранты г.зв. «справы Белага Легіёну» звярнуліся ў Камітэт па правах чалавека ААН. Раней Данілаў, Дундукоў, Мароз і Стрыбульскі спрабавалі праз суд дамагчыся рэабілітацыі і кампенсацыі маральнай шкоды. Але нечакана, нават насуперак беларускай судовай практыцы, у гэтым ім было адмоўлена.

Нагадаем, што на фоне «маршу недармаедаў» у 2017 годзе дзяржава разгарнула рэпрэсіўныя практыкі. Самая жорсткая з іх — рэзанансная справа «Белага Легіёну», якую спачатку вёў КДБ, а затым Следчы камітэт. У рамках гэтай справы Данілаў, Дундукоў, Мароз і Стрыбульскі, сярод многіх іншых, абвінавачваліся ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання. Паўтара дзясятка абвінавачаных, у тым ліку гэтыя чацвёра, правялі пад вартай у СІЗА каля ста дзён кожны. У выніку, віна іх не была даказаная, справу спынілі праз адсутнасць складу злачынства.

Заяўнікі просяць Камітэт прызнаць парушэнне сваіх правоў і абавязаць дзяржаву публічна папрасіць прабачэння, а таксама выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды і маёмасныя страты, якія не былі прадастаўлены на нацыянальным узроўні. Акрамя таго, Данілаў, Дундукоў, Мароз і Стрыбульскі просяць абавязаць дзяржаву не дапусціць падобных парушэнняў у будучыні.

Смяротнае пакаранне

10 студзеня 2020 г. на выязным пасяджэнні Магілёўскага абласнога суда ў Чэрыкаве, суддзя Міхаіл Мельнікаў вынес смяротныя прысуды ў дачыненні да двух братоў — Іллі і Станіслава Косцевых. Прысуду папярэднічала шырока растыражаванае выказванне прэзідэнта А. Лукашэнкі ў адным з інтэрв’ю пра неабходнасць прызначэнні смяротнага пакарання па гэтай справе.

31 студзеня 2020 г. судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага Суда разгледзела апеляцыйную скаргу Віктара Сергеля і Наталлі Колб. Раней Брэскі абласны суд (суд першай інстанцыі) прызначыў Віктару Сергелю смяротнае пакаранне. Судовая калегія Вярхоўнага Суда не задаволіла скаргу В. Сергеля і пакінула ранейшы прысуд без зменаў. Такім чынам, вынесены смяротны прысуд уступіў у законную сілу. Сергель стаў другім асуджаным, які чакае смяротнага пакарання ў спецыяльным калідоры СІЗА-1 г. Мінска.

Еўрапейскі саюз і Савет Еўропы ў чарговы раз заклікалі Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне як першы крок да яго поўнай адмены. Пра гэта гаворыцца ў заяве Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, зробленай пасля вынясення ў Беларусі двух новых смяротных прысудаў.

Тым часам стала вядома, што Камітэт па правах чалавека ААН разгледзеў справу №2655 / 2015 “Сяргей і Аляксей Івановы супраць Беларусі” і прызнаў парушэнне права расстралянага Сяргея Іванова на жыццё, парушэнне прэзумпцыі яго невінаватасці, права на абарону, права на справядлівае судовае разбіральніцтва. Беларусь абавязалі зрабіць захады, неабходныя для папярэджання аналагічных парушэнняў у будучыні. Ураду Беларусі неабходна перагледзець заканадаўства аб смяротным пакаранні, якое было ўжыта ў гэтай справе.

30 студзеня з’явілася паведамленне аб стварэнні працоўнай групы па вывучэнні пытання аб адмене смяротнай кары ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Групу ўзначаліў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Генадзь Давыдзька, вядомы сваімі выказваннямі на карысць не толькі захавання, але і пашырэння сферы ўжывання смяротнага пакарання.

Парушэнне свабоды мірных сходаў

8 студзеня ў Мінску аднавіліся суды над удзельнікамі акцый у падтрымку незалежнасці, якія адбыліся 7, 8, 20 і 21 снежня мінулага года. Судовыя пастановы, як і ў снежні, ішлі адна за адной: актывістам прызначаныя буйныя грашовыя штрафы, а некаторым з іх адміністрацыйны арышт.

Усяго за студзень па артыкуле 23.43 КаАП было вынесена 104 пастановы са спагнаннем штрафу з 87 чалавек і 9 пастановаў з прызначэннем адміністрацыйнага арышту 5 актывістам. Сума штрафаў за месяц склала 3 264 базавых велічынь — 88 128 беларускіх рублёў. 150 сутак сумарна актывісты правядуць пад арыштам.

Паўлу Севярынцу, Дзмітрыю Казлову з Оршы і Сяргею Ціханоўскаму з Гомеля арышты прызначаныя неаднаразова. Аршанскі блогер Дзмітрый Казлоў за ўдзел у мірных сходах за два месяцы атрымаў па некалькіх пастановах 120 сутак адміністрацыйнага арышту, з якіх ужо адбыў 25.

У Віцебску разгледжаныя адміністрацыйныя справы за пікет 29 снежня мінулага года, калі 15 жыхароў горада выйшлі на плошчу Перамогі і правялі акцыю ў падтрымку незалежнасці краіны. Актывісты трымалі ў руках расцяжку «Незалежнасць» і плакаты з лозунгамі. Вынік — буйныя штрафы.

Пераследу падвергліся і ўдзельнікі пікету за незалежнасць у Полацку; пакараныя штрафам пінскія актывісты за пікет у цэнтры горада.

Праваабаронцы “Вясны” з дапамогай валанцёрскай службы падрыхтавалі і накіравалі Спецдакладчыку па пытанні аб праве на свабоду мірных сходаў і асацыяцый, Спецдакладчыку па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне і Спецдакладчыку па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі паведамленні па факце затрымання і шматразовых арыштаў блогераў Сяргея Ціханоўскага і Дзмітрыя Казлова.

Між тым, па-ранейшаму цяжка правесці мірны сход у парадку, прадугледжаным законам “Аб масавых мерапрыемствах”, які вылікае крытыку з боку праваабаронцаў. Суд Маскоўскага раёна г. Мінска аштрафаваў Кансерватыўна-хрысціянскую партыю БНФ па арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства) на 50 базавых велічыняў (1 350 рублёў) за неаплату паслуг міліцыі за ахову акцыі “Дзяды-2019”. Гэта першы выпадак, калі палітычную партыю штрафуюць па абноўленым артыкуле 23.34 КаАП. Падставай для штрафу стала неаплата паслуг міліцыі па ахове грамадскага парадку; прадстаўнікі партыі сцвярджалі, што адпаведнай дамовы з міліцыяй не заключалі, бо ў ёй не было неабходнасці: заяўнікі ўжо некалькі гадоў самі забяспечвалі ахову парадку.

Крыніца: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Студзень 2020