Рэспубліка Казахстан распачынае працэдуру далучэння да Другога факультатыўнага пратаколу аб адмене смяротнага пакарання.
«Міністэрству замежных спраў даручаецца пачаць працэдуру далучэння да Другога факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах", - паведаміў прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў, перадае інфармацыйны сайт tengrinews.kz.
Нагадваем, з моманту абвяшчэння незалежнасці Казахстана 10 снежня 1991 года ў краіне было прыведзена ў выкананне 536 смяротных прысудаў. Апошняга смяротніка растралялі ў 2003 годзе.
У цяперашні час у краіне дзейнічае мараторый на смяротнае пакаранне, а ў якасці альтэрнатыўнага пакарання ў Казахстане з 2004 года ўведзена пажыццёвае пазбаўленне волі.
Адзінай краінай у Еўропе, дзе выкарыстоўваецца смяротнае пакаранне, з'яўляецца Рэспубліка Беларусь.
Крыніца: Казахстан: ад мараторыя на смяротнае пакаранне да яго поўнай адмены