Кіраўніка БХД Паўла Севярынца суд Савецкага раёна асудзіў на 15 сутак за акцыю супраць паглыбленай інтэграцыі, паведаміла "Наша Ніва". Павел Севярынец. Фота:bchd.info

«Было ўсё карэктна, толькі забралі мабільнік і не далі нікому пазваніць», — кажа Павел. Адразу пасля гэтага яго павезлі ў Савецкі райаддзел міліцыі, дзе афармлялі пратакол. Пасля чаго павезлі ў суд.

«Трапілі на абедзенны перапынак, таму давялося пачакаць. Асудзілі па артыкуле 23.34 КаАП за ўдзел у акцыях 7-8 снежня ў цэнтры Мінска. Працэс вёў суддзя Шаціла. Далі 15 сутак. Я не сказаў там ніводнага слова», — зазначае Павел.

Пасля гэтага Севярынца зноў адвезлі ў Савецкі райаддзел міліцыі, завялі ў паўпадвальнае памяшканне.

«На камеру нейкі таварыш палкоўнік заклікаў не парушаць заканадаўства 20 снежня. Пасля гэтага мяне адпусцілі.

Я кажу: «А як жа 15 сутак?» Нічога не ведаюць. Цяпер іду па вуліцы Якуба Коласа. Першы раз са мной такі цырк», — сказаў палітык.

Таксама праваабронцам стала вядома, што яшчэ адзін суд на Севярынцам прызначаны на 26 снежня. Судовы разгляд адміністрацыйнай справы па арт. 23.34 КаАП палітыка мусіць адбыцца ў 11:00 у судзе Фрунзенскага раёна г. Мінска. 

Крыніца: Севярынцу далі 15 сутак арышту і адпусцілі дахаты