Пётр Маркелаў Як паведамляе Радыё Свабода, да назіральніка Пятра Маркелава, якога арыштавалі за відэаздымку падліку галасоў на выбарчым участку ў Мінску, не пускаюць адваката.

У цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на мінскім завулку Акрэсціна кожны раз кажуць, што ўсе памяшканні для сустрэч занятыя.

«Адвакатка ў 10.30 прыйшла ў ізалятар на Акрэсціна, і зноў „занятыя кабінэты“. Напісала ў кнігу заўваг. Чакае далей», — паведаміла Свабодзе праваабаронца Вікторыя Фёдарава з арганізацыі «Прававая ініцыятыва».

Апошнія звесткі ад Маркелава былі 12 снежня. Тады ягоная маці расказала Свабодзе, што сына трымаюць у кепскіх умовах — у камэры вошы і смурод. Маркелаў той раз прасіў, каб адвакат нешта з гэтым зрабіў.

Нагадаем, 9 снежня на пасяджэнні суда Маскоўскага раёна Мінска суддзя Таццяна Мотыль прызнала Маркелава вінаватым у дробным хуліганстве і непадпарадкаванні міліцыі і асудзіла яго на 14 сутак арышту за інцыдэнт на выбарчым участку 17 лістапада, у асноўны дзень галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў.

На парламенцкіх выбарах Пётр Маркелаў з'яўляўся даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты ад «Моладзевага блоку» Станіслава Шашка. Актывіст быў затрыманы на выбарчым участку № 286 па Паўднёва-Заходняй акрузе сталіцы № 99. Інцыдэнт на ўчастку пачаўся з таго, што Маркелаў і Шашок абурыліся вынікамі падліку галасоў.

Паводле слоў Шашка, яны запатрабавалі пералічыць галасы, Маркелаў уключыў відэаздымку і вёў трансляцыю ў «Фэйсбуку». У адказ камісія выклікала супрацоўніка міліцыі.

Літоўская дэпутатка Аўшрыне Арманайце 11 снежня напісала амбасадзе Беларусі ліст пратэсту супраць арышту Маркелава. Яна заклікала беларускія ўлады не чыніць перашкодаў самым яскравым і ідэйным прадстаўнікам моладзі.

«Моладзевы блок» заклікаў дасылаць Маркелаву лісты салідарнасці на адрас 1-ы завулак Акрэсьціна, 36, Мінск.

Крыніца: Трэці дзень да арыштаванага Пятра Маркевала не пускаюць адваката