Да асуджанага актывіста Пятра Маркелава ўжо некалькі дзён запар не пускаюць абаронцу, піша "Белсат". З 9-га снежня Маркелаў адбывае адміністратыўнае пакаранне ў ізалятары на Акрэсціна. Пётр Маркелаў. Фота з Facebook

Як распавяла карэспандэнту «Белсату» адвакатка Альвіна Мінгазава, 16 снежня яна зноў прыехала да ЦІПу, дзе змяшчаецца Пётр Маркелаў.

«Я пад’ехала да дзесяці. Прачакала там гадзіну, змерзла. Стала зразумела, што пятнічная схема паўтараецца. Я тут блізка, але ўжо не стаю пад дзвярмі. Тэлефаную кожныя 30 хвілінаў», – адзначыла юрыстка.

Але дагэтуль ёй паведамляюць, што ўсе пакоі для сустрэчаў адваката з затрыманымі занятыя.

«На жаль, такога відавочнага механізму, апроч як тэлефанаваць, спрабаваць патрапіць і пісаць скаргі, няма», – сказала Альвіна Мінгазава.

Гэта ўжо другі дзень, як адвакатка не можа патрапіць да свайго падабароннага. Супрацоўнікі Менскай гарадской пракуратуры і пракуратуры Маскоўскага раёну адмовіліся выехаць у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў і нават патэлефанаваць туды, каб спраўдзіць стан арыштаванага на выбарчым участку актывіста.

Крыніца: Да Пятра Маркелава ўсё яшчэ не пускаюць адваката