ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” прэзентавала вынікі другога этапу маніторынгу асвятлення ў СМІ парламенцкіх выбараў 2019 года. “Падыход дзяржаўнага тэлебачання да асвятлення выбараў змяніўся літаральна ў апошнія дні. Цяпер эфірны час, прысвечаны асвятленню выбараў, значна павялічыўся. Але не стала больш інфармацыі пра кандыдатаў, іх праграмы. Галоўны пасыл гэтых матэрыялаў  — трэба галасаваць. Тэлебачанне маўчала ўсю агітацыйную кампанію, але як толькі пачаўся этап датэрміновага галасавання, дзяржаўныя тэлеканалы ўключыліся", — адзначыў характэрную рысу асвятлення выбарчай кампаніі ў дзяржаўных медыя старшыня ГА "БАЖ" Андрэй Бастунец.

manitoryng_vybary2019.jpg
Алесь Анціпенка і Андрэй Бастунец

Кіраўнік маніторынгавай групы Алесь Анціпенка распавёў пра высновы, да якіх прыйшлі маніторцы:

"Дзяржаўныя медыя спрычыніліся да разгортвання агітацыйнай кампаніі. Разам з тым яны практычна ніколі не акцэнтавалі ўвагу на канкурэнцыі ідэй, не імкнуліся пашыраць інфармацыю пра праграмы кандыдатаў ці палітычных партый, што ўдзельнічаюць у выбарах. Больш за тое, выконвалі ролю стрымлівання ці нават блакавання палітычнай актыўнасці".

Такое сцвярджэнне вынікае з наступнага:

Так, штодзённая навінавая праграма “Панарама” тэлеканала “Беларусь 1” адвяла галоўнай тэме 1,6% часу параўнальна з часам, прысвечаным іншым тэмам. (У мінулы перыяд маніторынгу гэтая лічба складала 2,7%.)  

Для параўнання: прагноз надвор’я заняў 7%, а спорт — 11% ад агульнага часу праграмы. І яшчэ большае падзенне ўвагі да тэмы выбараў у праграме “Наши новости” ОНТ — усяго каля 1%.

Алесь Анціпенка адзначыў, што выразна бачны тон публікацый у дзяржаўных медыя: "Калі размова пра апазіцыю, пра яе кажуць ці адмоўна, ці вельмі адмоўна, без персаніфікацый, не называючы прозвішчаў — ці ўвогуле нічога не згадваецца. Калі ж размова пра ўрадавыя арганізацыі, да прыкладу, БРСМ, то іх дзейнасць звычайна падаецца ў пазітыўным святле".

Кіраўнік групы маніторцаў таксама адзначыў працу партала TUT.BY, дзе шмат пісалі пра канкрэтных кандыдатаў у дэпутаты.

"Дзяржаўныя медыя і недзяржаўныя прадстаўляюць спектр меркаванняў з рознымі канатацыямі. Напрыклад, на дзяржаўным тэлебачанні даюць слова людзям, якія гавораць пра тое, што ім важна, каб кандыдат быў адукаваны, выказваў інтарэсы розных слаёў насельніцтва. Але ніхто не гаворыць пра праблемы, палітычную пазіцыю кандыдата. А ў матэрыялах, да прыкладу, на Naviny.by людзі гавораць акурат пра праблемы. Бо і выбары ж, па сутнасці, ладзяцца для таго, каб грамадзяне маглі паўплываць на сітуацыю ў краіне, абраўшы кандыдатаў, якія будуць адстойваць іх інтарэсы", — сказаў спадар Анціпенка.

Маніторцы адзначаюць, што рэгіянальныя дзяржаўныя СМІ дакладна дублююць падыходы і інтанацыі цэнтральных дзяржаўных медыя. 

Поўны тэкст маніторынгу

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале

ДзяржСМІ рэзка ўключыліся ў асвятленне выбараў, — БАЖ прэзентаваў маніторынг асвятлення кампаніі ў медыя

Крыніца: ДзяржСМІ рэзка ўключыліся ў асвятленне выбараў, — БАЖ прэзентаваў маніторынг асвятлення кампаніі ў медыя Дакумент