Шостага кастрычніка ў Мінску на плошчы Свабоды прайшоў мітынг "Абаронім Беларусь", арганізатарам якога выступіў Мікалай Статкевіч. Мерапрыемства адбывалася ў межах перадвыбарчага пікету вылучэнца ад "Народнай грамады" (якую ўзначальвае Статкевіч) Васіля Жорава.
Мітынг распачаўся ў 14.00. Па падліках назіральнікаў #Controlby, на плошчы знаходзілася каля 100 удзельнікаў. Сярод іх былі актывісты і іншыя вылучэнцы ў кандыдаты ад "Народнай грамады", "Маладога фронту", Руху салідарнасці "Разам", Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Асобнай групай стаялі "Маці - 328".
Таксама на мітынгу прысутначала больш за 15 міліцыянтаў у цывільным. Не было ніводнага міліцыянта, апранутага па форме.
На мерапрыемстве прамоўцы патрабавалі сыхода Аляксандра Лукашэнкі, вызвалення палітычных зняволеных. Вячаслаў Сіўчык заклікаў прысутных ехаць у Вільню на перапахаванне парэшткаў Кастуся Каліноўскага.
Мітынг скончыўся каля 15.00. Перад сканчэннем актывісты "Народнай грамады" спалілі пасведчанні сваіх ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў на парламенцкія выбары.
Крыніца: На мітынгу Статкевіча ў цэнтры Мінску спальвалі пасведчанні ініцыятыўных груп Фота