Высновы: Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед

6 ліпеня Брэсцкі абласны суд пакінуў у сіле рашэнне суда Ленінскага р-на г. Брэста аб прызнанні блогера Пятрухіна вінаватым у паклёпе на супрацоўнікаў міліцыі, а скаргу Пятрухіна — без задавальнення. Прысуд суда першай інстанцыі ўступіў у законную сілу. У Сяргея Пятрухіна ёсць месяц на тое, каб заплаціць амаль 17 тысяч рублёў.

Нагадаем, 18 красавіка гэтага года суд Ленінскага раёна прызнаў Сяргея Пятрухіна вінаватым у публічных паклёпе і абразе міліцыянтаў і прысудзіў да штрафу ў памеры 360 базавых (9180 рублёў) у даход дзяржавы. Акрамя таго, блогера абавязалі пакрыць маральную шкоду пацярпелым супрацоўнікам міліцыі (у агульнай складанасці 7500 рублёў) і выдаткі на адваката.

9 ліпеня стала вядома, што Бярозаўскі раённы аддзел Следчага камітэта спыніў крымінальную справу ў дачыненні да блогера Аляксандра Кабанава. Яго падазравалі ў прысваенні і растраце больш за 400 рублёў (ч. 1 арт. 211 Крымінальнага кодэкса), якія ён атрымаў ад жыхароў дома, у якім жыве.

Аляксандр Кабанаў разам з Сяргеем Пятрухіным раней не раз прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці. Іх штрафавалі за відэаролікі для канала «Народны рэпарцёр», у якіх яны асвятляюць сітуацыю вакол будаўніцтва пад Брэстам акумулятарнага завода «АйПауэр», за збор подпісаў за адстаўку чыноўнікаў, які міліцыя і суд палічылі несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам, і г.д.

Палітвязень Міхаіл Жамчужны, які адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 9 у Горках, амаль усё лета правёў у штрафным ізалятары. Як стала вядома праваабаронцам, цягам чэрвеня і ліпеня на зняволенага было накладзена некалькі спагнанняў, сярод якіх 10 сутак у ШІЗА: 10 чэрвеня, 30 чэрвеня і 10 ліпеня.

За час знаходжання ў ПК-9 палітвязень неаднаразова падвяргаўся жорсткім пакаранням у выглядзе зняволення ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу) і ШІЗА. На працягу апошніх двух гадоў ён правёў больш за 400 сутак у экстрэмальных умовах. Салідны ўзрост, ізаляцыя ад людзей, немагчымасць знаходзіцца на свежым паветры, дрэннае харчаванне — усё гэта выклікае трывогу за здароўе і жыццё палітвязня.

Смяротнае пакаранне

Як стала вядома праваабаронцам, 30 ліпеня Віцебскі абласны суд вынес чарговы смяротны прысуд Віктару Паўлаву, якога абвінавачвалі па ч. 2 арт. 139 КК (забойства).

Папярэдняе следства інкрымінавала Паўлаву яшчэ і разбой (ч. 3 арт. 207 КК), але пракурор прапанаваў перакваліфікаваць дзеянні абвінавачанага на ч. 2 арт. 205 КК (крадзеж).

Забойства было здзейснена 30 снежня 2018 гадоў ў вёсцы Прысушына Віцебскага раёна. Пяцідзесяцігадовы Віктар Паўлаў прыйшоў у дом да сясцёр-пенсіянерак і моцна іх збіў. Пры гэтым скраў грошы і некалькі бутэлек віна. Праз некалькі дзён целы жанчын былі знойдзеныя.

Абвінаваўца палічыў віну Паўлава даказанай. Дзеянні Паўлава былі кваліфікаваныя пракурорам як “асаблiва небяспечны рэцыдыў злачынства”.

Улічваючы ўсе абставіны справы, пракурор запрасіў прымяніць у дачыненні да абвінавачанага выключную меру пакарання — расстрэл (ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса).

Тым часам, прадстаўнікі ААН жорстка крытыкуюць урад Беларусі за невыкананне ў поўнай меры добраахвотна ўзятых на сябе міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека.

Рэспубліка Беларусь павінна прыпыніць выкананне смяротных прысудаў у дачыненні да асобаў, якія звярнуліся са скаргамі ў Камітэт ААН па правах чалавека, заявілі 1 ліпеня эксперты ААН па правах чалавека пасля атрымання інфармацыі пра расстрэл Аляксандра Жыльнікава, справа якога знаходзіцца на разглядзе Камітэта.

Камітэт па правах чалавека, разам са Спецыяльным дакладчыкам ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі і Спецыяльным дакладчыкам ААН па пытанні аб пазасудовых пакараннях смерцю, пакараннях, якія адбываюцца без належнага судовага разбору, або адвольных пакараннях смерцю, рэзка асудзілі Рэспубліку Беларусь за працяг прымянення смяротнага пакарання ў сувязі з інфармацыяй аб тым, што смяротны прысуд у дачыненні да Аляксандра Жыльнікава быў прыведзены ў выкананне, нягледзячы на ​​просьбу Камітэта па правах чалавека прыпыніць выкананне на час разгляду яго скаргі. Да сённяшняга дня Рэспубліка Беларусь праігнаравала ўсе просьбы Камітэта датычна прыпынення выканання прысудаў у дачыненні да асобаў, чые справы знаходзіліся на разглядзе Камітэта. Дадзеная працэдура, вядомая як «часовыя меры», накіраваная на прадухіленне прычынення дзяржавай непапраўнай шкоды. Парушэнне дадзенай працэдуры з'яўляецца парушэннем Рэспублікай Беларусь яе абавязацельстваў па артыкуле 1 Факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, да якога яна далучылася ў 1992 годзе.

Свабода мірных сходаў, свабода меркаванняў і іх выказвання

У ліпені праваабаронцы "Вясны" абагульнілі звесткі аб зафіксаваных выпадках адвольных затрыманняў, складання пратаколаў і іншых інцыдэнтаў, звязаных, у тым ліку, з ажыццяўленнем правы на мірныя сходы і свабодай меркаванняў і іх выказвання.

Суд Кастрычніцкага раёна Гродна аштрафаваў на 127,5 рублёў гарадзенскага гісторыка Мечыслава Супрона, які 18 чэрвеня выйшаў на мост праз Нёман і вывесіў расцяжку з надпісам “Нёман атручаны лідскім ЖКГ”.

15 ліпеня ў судзе Мінскага раёна разгледзелі справы абаронцаў Курапатаў Рыгора Асаулы і Дзяніса Урбановіча, якіх затрымалі 13 і 14 ліпеня каля рэстарана “Поедем поедим”. Актывісты пакараныя штрафамі ў 20 і 30 базавых велічынь.

Працягвалася супрацьстаянне ўладаў і праціўнікаў будаўніцтва экалагічна небяспечнай вытворчасці ў г. Брэсце: гараджане рэгулярна выходзяць на штотыднёвыя акцыі пратэсту, а супрацоўнікі міліцыі затрымліваюць найбольш актыўных прадстаўнікоў грамадскасці і абвінавачваюць іх у здзяйсненні адміністрацыйных правапарушэнняў.

Працягваецца прымяненне антыэкстрэмісцкага заканадаўства ў мэтах неправамернага абмежавання свабоды меркаванняў і іх выказвання.

Суд Цэнтральнага раёна г. Гомеля аштрафаваў жыхара абласнога цэнтра Аляксандра Іванова за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў на 5 базавых велічынь (127,5 рублёў): яшчэ ў 2017 годзе мужчына на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Facebook размясціў інфармацыйны матэрыял пад назвай “Зло кланіравалася, каб сябраваць сам насам”, які змяшчае герб нацысцкай Германіі не ў мэтах прапаганды нацысцкай ідэалогіі.

Мінскі гарадскі суд адмовіў актывісту анархісцкага руху Міколу Дзядку ў разглядзе скаргі на рашэнне раённага суда аб прызнанні надпісу экстрэмісцкім. На думку старшыні суда, Мікалай Дзядок не з'яўляецца зацікаўленай асобай па справе, і рашэнні, якое абскарджваецца, не закранае яго правоў і законных інтарэсаў. Пры гэтым, Дзядка неаднаразова штрафавалі у адміністрацыйным парадку за размяшчэнне менавіта гэтага надпісу ў сацсетках.

Жорсткае абыходжанне

Амаль тры гады прайшло з дня, калі ў кватэру Дзмітрыя Серады, дзе знаходзіліся таксама яго жонка і малая дачка, уварваўся АМАП. У кватэры была пашкоджаная маёмасць, супраць Серады былі ўжытыя спецсродкі і фізічная сіла, нанесеныя цялесныя пашкоджанні. Расследавання інцыдэнту праведзена не было, па выніках праверкі былі вынесены пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, якія неаднаразова адмяняліся з-за непаўнаты праверкі. Суд Партызанскага раёна г. Мінска ўсталяваў парушэнне закона і адмяніў апошнюю з вынесеных пастановаў. Органы Міністэрства ўнутраных справаў адмовіліся пакрыць шкоду, прычыненую маёмасці, і прынесці афіцыйныя прабачэнні Дз. Сераду і яго сям'і.

25 сакавіка 2017 года непаўнагадовую Яну Яцыновіч затрымалі супрацоўнікі АМАП, калі яны выйшлі са сталічнага парку Чалюскінцаў на праспект Незалежнасці. У той дзень у Мінску праходзіў Дзень Волі. Дзяўчына сцвярджае, што яе схапілі за валасы, з ужываннем грубай фізічнай сілы зацягнулі ў зялёны аўтобус, дзе адзін іх праваахоўнікаў нанёс ёй некалькі моцных удараў у вобласць патыліцы. Праз тыдзень у Яны пачаліся праблемы са здароўем: млоснасць, ваніты, частыя прыступы эпілепсіі. На працягу года яна праходзіла абследаванні, перыядычна знаходзілася на лячэнні ў розных установах аховы здароўя. Бацькі Яны звярнуліся з заявай аб прычыненні цялесных пашкоджанняў супрацоўнікамі органаў унутраных справаў у Першамайскі раённы аддзел Следчага камітэта, патрабуючы знайсці і пакараць вінаватых. У выніку праверкі прычынна-следчых сувязяў захворвання Яны Яцыновіч эпілепсіяй з нанясеннем ёй удараў па галаве не ўстанавілі. У ліпені гэтага года з'явіліся новыя доказы віны супрацоўнікаў МУС.

У ПЦ “Вясна” паступае інфармацыя пра жорсткае абыходжанне са зьняволенымі ў ПК-22: ім адмаўляюць у медыцынскай дапамозе, неабгрунтавана караюць ў дысцыплінарным парадку. Такое абыходжанне з вязнямі стала адной з прычын акцыі пратэсту ў лістападзе 2018 года, наступствы якой — перавод некалькіх дзесяткаў зняволеных у турмы (гэта найбольш строгі з магчымых рэжымаў адбыцця пакарання) — сталі вядомыя толькі зараз.

Пераслед журналістаў

Яшчэ 31 траўня суддзя суда Маскоўскага раёна Брэста Раман Карабан прысудзіў незалежных журналістаў Алеся Ляўчука і Мілану Харытонаву да штрафаў па 40 базавых велічынь штрафу — у агульнай складанасці 2 040 рублёў, паведамляе “Белсат”. Нагодай для такога штрафу стала асвятленне акцыі пратэсту супраць акумулятарнага завода, якая прайшла 7 красавіка.

Крыніца: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Ліпень 2019