Аляксандр Асіповіч у Вярхоўным судзе 14 траўня ў Вярхоўным судзе распачаўся разгляд апеляцыйнай скаргі асуджанага да смяротнага пакарання жыхара Бабруйска Аляксандра Асіповіча. 

Нагадаем, што прысуд Аляксандру Асіповічу быў вынесены на выязным пасяджэнні Магілёўскага абласнога суда ў Бабруйску 9 студзеня. Яго звінавацілі ў двайным забойстве, здзейсненым пры абцяжарваючых абставінах і прысудзілі да смяротнага пакарання.

Судовае паседжанне распачалося ў 09.30. Старшыня судовай калегіі - намеснік старшыні Вярхоўнага суда Аніскевіч. Таксама ў калегіі суддзі Цюцюхін і Яфрэмаў. Прысутнічае пракурор Генеральнай пракуратуры Мятліцкі.

Бок пацярпелых прадстаўляе маці адной з загінулых Ніна Клімава. Інтарэсы Асіповіча прадсташляе адвакатка Таццяна Падрэцкая.

Напачатку паседжання Асіповіч заявіў хадайніцтва аб пераносе суда да разгляду наглядных яго скаргаў у прэзідыум Магілёўскага абласнога суда і яго нагляднай скаргі на адмову Вярхоўнага суда разглядаць яго прыватную скаргу. Таксама Асіповіч хадайнічаў аб правядзенні паўторнай комплекснай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы, паколькі незадоўга да забойства ён атрымаў траўму галавы. 

Аляксандр Асіповіч у Вярхоўным судзе
Аляксандр Асіповіч у Вярхоўным судзе

Пацярпелая Клімава выступіла супраць усіх хадайніцтв Асіповіча. "Калі запахла смерцю - дык ён чапляецца за жыццё любой цаной", - сказала яна.

На паседжанні таксама прысутнічае маці Аляксандра Асіповіча Антаніна Уладзіміраўна. Яна распавяла, што падавала у Магілёўскі абласны суд хадайніцтва аб замене смяротнага прысуду, каб сын мог выплочваць кампенсацыю. Але дакументы нават не прынялі.

Судовая калегія ўзяла перапынак, каб разгледець хадайніцтва.   

На судзе прысутнічаюць праваабаронцы Сяргей Сыс, Андрэй Палуда і Алесь Бяляцкі
На судзе прысутнічаюць праваабаронцы Сяргей Сыс, Андрэй Палуда і Алесь Бяляцкі

У 10.40 суд працягнуўся. Хадайніцтвы Асіповіча судовая калегія адхіліла. 

Суддзя Цюцюхін пачаў зачытваць матэрыялы справы. У дадатковай апеляцыйнай скарзе Асіповіч спасылаецца на супрацьпраўныя і амаральныя дзеянні забітых. Ён лічыць, што яны маглі яго абкрасці, і таму ён мусіў "на гэта неяк рэагаваць". Просіць улічыць яўку з павіннай, супрацоўніцтва са следствам. Таксама ён прызнаў усе грамадзянскіе зыскі і падтрымлівае ўсе свае скаргі.

Маці адной з забіты дзяўчат Ніна Клімава лічыць прысуд справядлівым, а скаргі Асіповіча неабгрунтаванымі. 

Затым Аляксандр Асиповіч пачаў падрабязна распавядаць пра абставіны дня забойства. Кажа ён доўга, шмат распавядае пра сябе. Па яго словах, ён вельмі шкадуе і просіць прабачэння ва ўсіх пацярпелых. Ён настойвае на тым, што тое, што рабілі дзяўчыны - гэта была правакацыя. 

Пачынаецца ягоны допыт. Асіповіч просіць перакваліфікаваць справу на артыкул 143 КК РБ (Забойства пры перавышэнні межаў неабходнай абароны). 

Крыніца: У Вярхоўным судзе разглядаецца апеляцыйная скарга Аляксандра Асіповіча Фота Дапоўнена