Глеб Рубанаў. Фота "Новы час" Як паведамляе "Новы час", Глеба Рубанава раптам выклікаюць у Савецкі РУУС на 9 гадзін раніцы 11 траўня. Хаця раней яму выдалі позву ў суд на 16 траўня.

«Не выключана нічога. З аднога боку, гэта роўна 72 гадзіны да раніцы панядзелка (пахне Акрэсціна). З іншага боку не выключаны разгляд адміністрацыйнай справы — у маім разуменні гэта можа адбыцца, як у будынку РУУС (без гледачоў), так і ў судзе», — паведамляе Глеб на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

Нагадаем, IT-кансультант Глеб Рубанаў быў затрыманы ў ноч з 6 на 7 траўня. Прыкладна ў 4:30 яго выманілі ў двор званком на хатні тэлефон: быццам нехта пашкодзіў яго аўтамабіль і трэба разабрацца. Але ў выніку міліцыянты сярод ночы завезлі яго ў Савецкі РУУС, дзе паведамілі пра затрыманне да суда. Глеб Рубанаў правёў 31 гадзіну на Акрэсціна, там ён абвясціў галадоўку, быў пазбаўлены магчымасці спаць, бо па матрацы бегалі насякомыя.Раніцой 8 траўня Глеба Рубанава прывезлі ў Савецкі суд Мінска, дзе мусіў адбыцца разгляд яго справы за нібыта экстрэмісцкі пост у сацыяльных сетках. Але замест гэтага ў судзе Глебу ўручылі позву ў суд на 16 траўня — які, імаверна, цяпер можа не адбыцца ў прызначаную дату.

Крыніца: Глеба Рубанава хочуць асудзіць цішком?