Фота прадастаўлена Мікалаем Дзядком На Мікалая Дзядка завялі новую адміністрацыйную справу па арт. 17.11 КаАП (Выраб, распаўсюджванне і (або) захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў). Гэта ўжо трэцяя справа на актывіста за апошнія сем месяцаў, паведамляе "Новы Час"

"Завялі новую адміністратыўку, на гэты раз за "размещение экстремистских материалов в социальной сети Вконтакте". Разлік на тое што СМІ надакучыць аб гэтым пісаць і на сістэматычны пераслед перастануць звяртаць увагу", — піша ён у фэйсбуку.

Аб якіх канкрэтна матэрыялах ідзе гаворка — невядома. У каментары НЧ Мікола Дзядок адзначыў, што гэта могуць быць матэрыялы забароненых анархісцкіх груп:

"Пратакол я яшчэ не бачыў. Але час ад часу рэпошчу матэрыялы анархісцкіх сайтаў і груп, якія прызнаныя экстрэмісцкімі: "Прамень" і "Анархічны чорны крыж". Можа, прычапіліся да гэтага. А можа, і да чаго іншага. Пакуль дакладна я не ведаю".

Аб узбуджэнні справы анархіст даведаўся з позвы, якая прыйшла на ягоны адрас:

"24-га студзеня ўвечары прыходзіць позва з'явіцца 25-га студзеня зранку ў Фрунзенскі РУУС. Але саму позву я пабачыў толькі 26-га. Таму, вядома, нікуды не пайшоў"

Нагадаем, гэта ўжо трэцяя адміністрацыйная справа супраць журналіста НЧ за апошнія сем месяцаў. 

Крыніца: Чарговая адміністрацыйная справа за посты ў сацсетках