Кааліцыя праваабарончых арганізацый, якія на прыканцы красавіка прадставілі альтэрнатыўны даклад у Камітэт супраць катаванняў ААН, пракаментавала заключныя заўвагі Камітэта па выніку 63 сэсіі. Дакумент складаецца з 63 пунктаў, у якія ўваходзяць два пазітыўныя аспекты і 55 заўвагі па невыкананні ці недастатковым выкананні Беларуссю Канвенцыі супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання.

Праваабронцы лічаць, што сябры Камітэта супраць катаванняў былі дастаткова зацікаўленымі альтэрнатыўным дакладам і меркаваннем праваабарончай супольнасці Беларусі, заўважна падрыхтаванымі ў пытаннях па сітуацыі з катаваннямі ў краіне.

Пазіцыя ж дзяржавы падчас сэсіі была сысці ад адказаў на нязручныя пытанні, а акрамя гэта склалася ўражанне, што ў склад дэлігацыі ўваходзілі прадстаўнікі дзяржструктур, якія не былі самастойныя ў сваіх меркаваннях, а прадстаўлялі толькі тое, што ім было наказана.

Па выніках 63 сэсіі Камітэта праваабрончая кааліцыя адзначыла наступныя найбольш важныя і значныя заўвагі дамоўнага органа:

“Добра, што Камітэт не адзначыў пазітыўны бок увядзення заўвагі ў Крымінальны кодэкс датычна вызначэння катавання, якое наша дзяржава, пачынаючы з 2015 года, імкнецца выдаць за рэальную крыміналізацыю катаванняў”, - адзначыла старшыня РГПА “Прававая ініцыятыва” Вікторыя Фёдарава.

"Тыя ГНК, якія дзейнічаюць зараз - гэта не кантроль за становішчам зняволеных і іншых катэгорый грамадзянаў, пазбаўленых волі, у Беларусі. І на гэта таксама звярталася ўвага дзяржавы, што ГНК не можа разглядацца як універсальны механізм, таму што ён закрывае толькі адзін сегмент - зняволеныя грамадзяне. А становішча астатніх - зняволеных СІЗА, ІЧУ, закрытых навучальных устаноў, псіхіятрычных устаноў - з ліку грамадзянскай супольнасці наогул ніхто не кантралюе і не назірае", - заўважыў юрыст Праваабарончага цэнтру "Вясна" Павел Сапелка.

Камітэт рэкамендаваў узмацніць незалежнасць ГНК і даць ім магчымасць наведваць усе месцы несвабоды без папярэдняга дазволу або паведамлення, а таксама гарантаваць права канфідэцыйных зносінаў з любым чалавекам, які затрыманы або пазбаўлены волі. Такія камісіі павінны ўключаць кваліфікаваных юрыстаў і медыкаў, знаёмых з міжнароднымі стандартамі, а таксама прадстаўнікоў незалежных арганізацый грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў.

Праваабаронцы адзначылі фармальны падыход дзяржавы да працэдуры справаздачнасці.

“Складваецца ўражанне, што яна паводзіць сябе як студэнт, які не вывучыў тэму, але здаў экзамен і радуецца гэтаму - падмануў экзаменатара. Але сэнс у справаздачнасці зусім іншы", - адзначыла старшыня Беларускага дакументацыйнага цэнтра Раіса Міхайлоўская.

Аднак, збольшага праваабаронцы задаволеныя тымі заключнымі заўвагамі, якія Камітэт паставіў перад Беларуссю, бо яны закранаюць усе набалелыя пытанні, адзначыныя імі.   

“Мы прарабілі вялікую папярэднюю працу і аб’ектыўна паказалі тое, што ўлада старанна хавала. І гэта ёсць наша місія - альтэрнатыўна паказаць сітуацыю з катаваннямі ў краіне. Зараз наша задача – маніторыць выкананне рэкамендацый Камітэта дзяржавай. Уся гэтая працэдура накіравана на сістэмныя змены, да якіх імкнемся і мы”,  - падкрэсліла Раіса Міхайлоўская.

У сваю чаргу Павел Сапелка запэўніў:

“Мы будзем рабіць нейкія крокі ў адвакатаванні тых рэкамендацый, якія зрабіў Камітэт. ПЦ "Вясна" будзе імкнуцца кантактаваць з дзяржаўнымі органамі адносна таго, у якім фармаце мы зможам у далейшым рэкамендацыі Камітэта прасоўваць. Аднак, бяз волі дзяржавы да нейкіх зменаў сітуацыі з катаваннямі – не абыйсціся”.

Вікторыя Фёдарава падкрэсліла:

“Дзяржава ў апошнія гады нарэшце стала адчуваць неабходнасць ўзаемадзеяння з міжнароднымі механізмамі. Але пытанне ў тым, ці будзе гэта ўзаемадзеянне такім жа фармальным, якое яно ёсць сёння, ці дзяржава ўсё ж такі стане на шлях рэальнай рэалізацыі рэкамендацый дамоўных органаў”.

Наступны – шосты перыядычны даклад Беларусь павінна прадставіць да 18 траўня 2022 года.

Нагадаем, з 23 красавіка па 18 траўня ў Жэневе (Швейцарыя) прайшла 63 сесія Камітэта ААН супраць катаванняў. На ёй афіцыйная дэлегацыя з Беларусі прадставіла свой перыядычны даклад у межах пятага цыкла.

Альтэрнатыўны даклад, падрыхтаваны пры падтрымцы Freedom House і FIDH, быў прадстаўлены беларускімі праваабаронцамі - юрыстам ПЦ "Вясна" Паўлам Сапелкам, старшынёй "Прававой ініцыятывы" Вікторыяй Фёдаравай, сябрам Беларускага Хельсінкскага камітэта Паўлам Левінавым і старшынёй Беларускага дакументацыйнага цэнтра Раісай Міхайлоўскай.

Чытайце таксама: Што такое «катаванне», як працуе Камітэт супраць катаванняў і навошта ўсё гэта трэба Беларусі?

Файлы

Крыніца: Праваабаронцы: Зараз наша задача – маніторыць выкананне дзяржавай рэкамендацый Камітэта супраць катаванняў