22.04.2025 Тэгі: крымінальны пераслед, пераслед, рэпрэсіі, экстрэмізм У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 19-22 красавіка 2025 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
«Экстрэмісцкай» прызналі асабістую старонку лідара гурта Dzieciuki
Гаворка пра старонку Аляксандра Дзянісава ў Facebook і ва «Укантакце». На старонцы ў Facebook спявак мае больш за 4,8 тысячы сяброў, ва «Укантакце» — больш за 1,8 тысячы.
Таксама ў абноўлены «экстрэмісцкі спіс» таксама трапілі:
- Instagram старонкі «andrei_volat_pivavarevich», «alesia.mierynava», «hleb.vajkul», «dimastut», «mayamova.cо», «belanarchistinpl», «jestem_tatiana», «jedrzejt»;
- старонка ў Facebook «Дзянісаў Аляксандр»;
- сайт і сацсеткі праекту «Вольныя», праекту «BEROC», «Petitions.bу»;
- старонкі ў «Аднакласніках» «Ник и Майк», «Valery Nezhavets», «Катя Bakinouskaya»;
- старонкі ва «Укантакце» «Павел Кулаженко», «Александр Денисов»;
- TikTok-старонкі «alexandrgopnik».
З'явілася інфармацыя пра знікненне адміністратараў Беларускай Вікіпедыі
Стала вядома, што ў сакавіку знікла сувязь з адміністратарам «Беларускай Вікіпэдыі» Kazimier Lachnovič — яго апошняя праўка была напачатку сакавіка, пасля чаго ён перастаў быць дасяжным у месенджарах.
Акрамя таго, знікла адміністратарка «Беларускай Вікіпедыі» і шматдзетная маці Вольга Сітнік — яе знаёмыя звярнулі ўвагу на ненатуральную актыўнасць з яе акаўнта.
Працягваюцца затрыманні па справе "Беларускага Гаюна"
Пра першыя затрыманні, якія, верагодна, адбыліся на падставе здабытай пасля ўзлому базы «Беларускага Гаюна», стала вядома яшчэ 6 лютага. У гэты дзень у звязаным з ГУБАЗіК тэлеграм-канале з'явілася відэа з супрацоўнікам Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу Максімам Нікіценкам.
На цяперашні момант "Свабодзе" вядома мінімум пра некалькі выпадкаў арыштаў, падставай для якіх сталі фота і відэа з расійскімі вайскоўцамі і тэхнікай, якія дасылаліся вясной 2022 году ў «Беларускі Гаюн». Усе затрыманні адбыліся ў сакавіку 2025 году. Папярэдне, людзям ставяць у віну «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» паводле ч. 4 арт. 361 Крымінальнага кодэксу. Ім пагражае абмежаванне або пазбаўленне волі тэрмінам да сямі гадоў.
Паводле сузаснавальніка фонду BySol Андрэя Стрыжака, цягам апошняга месяца быў усплёск затрыманняў на Гомельшчыне.
У «спіс тэрарыстаў» дадалі восем чалавек
Камітэт дзяржаўнай бяспекі 21 красавіка абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы васьмі чалавек.
Сярод іх Дзмітрый Удовін, Андрэй Дарошка, Вячаслаў Ільіч, Ігар Кісляк, Віталь Папроцкі, Сяргей Зеляноўскі, Сяргей Горлаў і Віктар Кухарчук.
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1276 чалавек, з іх 582 — беларусы.