23.04.2025 Тэгі: пераслед, рэпрэсіі, экстрэмізм У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 23 красавіка 2025 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. 

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Беларусі новае «экстрэмісцкае фармаванне» 

Гаворка пра праект «Ямницкий Флот». Адпаведнае рашэнне было прынятае МУС 22 красавіка.

Паводле ведамства, дачыненне да праекту маюць Андрэй Тупоўскі і Аляксандр Царук.

Евангельскага пастара з Хойніцкага раёна Алега Лойку затрымалі па крымінальнай справе

Яго абвінавачваюць у перадачы інфармацыі аб перасоўванні расійскай вайсковай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі.

48-гадовы Алег Лойка з'яўляецца пастарам царквы хрысціян веры евангельскай у вёсцы Небытаў Хойніцкага раёна. Вядома, што ў снежні мінулага года ён быў арыштаваны на 10 сутак за «распаўсюд экстрэмізму».

Пастар шмат гадоў займаўся рэабілітацыяй людзей з наркатычнай залежнасцю ў рамках місіі «Вяртанне». Дзякуючы яго дзейнасці сотні чалавек вярнуліся да нармальнага жыцця. Пра мужчыну раней неаднаразова з захапленнем пісалі дзяржаўныя СМІ.

Затрыманні за каментары на адрас «жыхароў цудоўнай краіны Пакістан»

Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала афіцыйную заяву наконт чутак аб нібыта злачынствах пакістанцаў у Беларусі. А яшчэ апублікавала відэа з затрыманымі хлопцам і дзяўчынай, піша «Наша Ніва».

У МУС адзначылі, што ўжо выявілі «актыўных правакатараў, якія наўмысна спрабавалі напружваць становішча ў краіне і маніпуляваць грамадскай думкай». Сілавікі пагражаюць крымінальнымі артыкуламі за «разварушванне міжнацыянальнай варожасці і дэстабілізацыю сітуацыі ў краіне».

Напярэдадні блізкі да сілавікоў канал упершыню за доўгі час апублікаваў відэа з затрыманымі за каментары і ролікі ў тытоку маладымі людзьмі. На камеру 18-гадовага хлопца і 20-гадовую дзяўчыну прымусілі прасіць прабачэння за распаўсюджванне фэйкаў і «гнеўныя каментары на адрас жыхароў цудоўнай краіны Пакістана».

У якім статусе знаходзяцца маладыя людзі, невядома.

У мінулым годзе ў Беларусі распачалі 44 крымінальныя справы за данаты

Пра гэта расказаў старшыня Камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў. Ён назваў гэтыя ахвяраванні "фінансаваннем экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці", піша "Reform".

Паведамляецца, што дзейнасць КДК у сферы стрымання такога фінансавання сканцэнтравана на аналізе абароту крыптавалют і кантролі плацежных сэрвісаў розных электронных сістэм і сацсетак.

У мінулым годзе органы КДК выявілі 2,7 тысячы такіх крыптавалютных транзацый. Распачаты 44 крымінальныя справы. Герасімаў у якасці прыкладу прывёў топ-мэнэджара адной з IT-кампаній, які зрабіў крыптавалютныя пераводы на 290 тысяч долараў.

КДК устанавіў 1445 грамадзян, «якія з выкарыстаннем плацежнага сэрвісу сацыяльнай сеткі Facebook пералічвалі грашовыя сродкі на карысць экстрэмісцкіх фарміраванняў», таксама былі выяўлены 34 злачынствы эканамічнага характару, «учыненыя датычнымі да дэструктыўнай дзейнасці грамадзянамі».

Крыніца: Затрыманне пастара з Хойнікаў і новае "экстрэмісцкае фармаванне": хроніка рэпрэсій 23 красавіка Дапоўнена