21.01.2025 Тэгі: грамадства, асвета, выбары-2025 Перадвыбарная агітацыя — важная частка дэмакратычнага выбарчага працэсу. На гэтым этапе кандыдаты выкладаюць свае праграмы і погляды, а грамадства абмяркоўвае іх. У гэты час кандыдаты змагаюцца за падтрымку выбаршчыкаў, прапаноўваючы сваё бачанне будучыні краіны і магчымыя шляхі вырашэння праблем.

Агітацыя дазваляе грамадству лепш зразумець сутнасць палітычных працэсаў, а выбаршчыкам — атрымаць яснае ўяўленне пра тое, хто з кандыдатаў здольны эфектыўна прадстаўляць іх інтарэсы. Гэты этап асабліва важны ў прэзідэнцкіх выбарах праз персаналізаваны характар пасады кіраўніка дзяржавы і шырокіх паўнамоцтваў гэтай службовай асобы.

У краінах з ўстоянай дэмакратычнай сістэмай перадвыбарная агітацыя выступае як ключавы механізм, што забяспечвае празрыстасць і канкурэнтнасць выбараў. Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" распавядае, што трэба ведаць пра гэты этап.

Функцыі агітацыі

Перадвыбарная агітацыя выконвае шэраг важных функцый у выбарчым працэсе.

Агітацыя можа прымаць розныя формы: за ці супраць кандыдата; на публічных сходах, мітынгах, сустрэчах з выбаршчыкамі; у сродках масавай інфармацыі (выступленні, дэбаты), у інтэрнэце і сацыяльных сетках, праз агітацыйныя матэрыялы (плакаты, білборды і ўлёткі).

Абавязальніцтвы дзяржавы

Дзяржава нясе шэраг абавязальніцтваў у час арганізацыі перадвыбарнай агітацыі, як аднаго з этапаў выбарчай кампаніі.

На жаль, беларускія ўлады сістэмна і груба парушаюць гэтыя прынцыпы. Выкарыстанне "адміністрацыйнага рэсурсу" з'яўляецца асновай усіх выбарчых фальсіфікацый у Беларусі. У частцы агітацыі ўсе магчымыя дзяржаўныя рэсурсы актыўна выкарыстоўваюцца не проста для агітацыі на карысць, але хутчэй для фармавання карціны ўжо наяўнай татальнай падтрымкі, якая знаходзіцца ва ўладзе ўжо 30 гадоў ды ідзе на сёмыя выбары А. Лукашэнкі.

Правы ў аснове агітацыі

У аснове перадвыбарчай агітацыі ляжаць два правы: свабода выказвання меркаванняў і свабода сходаў. Без свабоднага публічнага абмеркавання палітычных ідэяў з нагоды будучыні краіны і без магчымасці выказаць сваё стаўленне да такіх ідэяў шляхам масавых мерапрыемстваў немагчыма казаць аб правядзенні сапраўдных выбараў. Пасля палітычнага крызісу папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў 2020 распаўсюджванне незалежнай інфармацыі ды магчымасць правядзення масавых мерапрыемстваў жорстка абмежаваныя рэпрэсіўнымі законамі і практыкай, у стэрыльнай публічнай прасторы (гл. першую справаздачу кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары"). Няма незалежных сродкаў масавай інфармацыі ды іншых механізмаў выказвання меркаванняў (сайты, сац. сеткі, якія выкладаюць непраўладныя ідэі, масава прызнаюцца экстрэмісцкімі матэрыяламі ды забароненыя да распаўсюджвання). Заканадаўча і на ўзроўні правапрымяняльнай практыкі знішчана магчымасць правесці масавае мерапрыемства паводле непраўладнай тэматыкі.

Сярод досыць распаўсюджаных формаў правядзення агітацыі ў прэзідэнцкай кампаніі — сустрэчы кандыдатаў у прэзідэнты са сваімі выбаршчыкамі на сходах. Што характэрна, Выбарчы кодэкс прама прадугледжвае магчымасць праводзіць такія сустрэчы сумесна (па ўзаемнай дамоўленасці кандыдатаў).

Важным фактарам у прыняцці выбаршчыкамі ўзважанага рашэння ў дзень галасавання з'яўляецца т. зв. "дзень цішыні", які практыкуецца ў многіх краінах, напрыклад ва Украіне, Літве. За дзень да дня галасавання (і ўласна ў сам дзень галасавання) забараняецца агітацыя, каб знізіць ціск на выбаршчыка, даць людзям магчымасць спакойна прыняць рашэнне, за каго галасаваць. У Беларусі такі "дзень цішыні" перад днём галасавання адсутнічае. Агітацыя забароненая толькі ў сам дзень галасавання (26 студзеня 2025), што разам з даволі доўгім перыядам датэрміновага галасавання (з 21 студзеня 2025) патэнцыйна пазбаўляе выбаршчыка магчымасці спакойна прыняць рашэнне. У той жа час, ва ўмовах рэпрэсій і адміністрацыйна кантраляванага працэсу выбараў у Беларусі, яны не суправаджаюцца рэальнай палітычнай барацьбой і агрэсіўнай агітацыяй. Хутчэй, на прыкладзе агітацыі відавочны імітацыйны характар працэдур (калі кандыдаты на пасаду прэзідэнта ў сваіх агітацыйных матэрыялах выступаюць у падтрымку іншага кандыдата (А. Лукашэнкі), што з'яўляецца нонсэнсам па сутнасці).

Фінансаванне кампаніі

Агітацыйныя мерапрыемствы і матэрыялы звычайна даволі дарагія. Пытанні фінансавання выбарчай кампаніі падлягаюць заканадаўчаму рэгуляванню. У многіх краінах забараняецца або сур'ёзна абмяжоўваецца фінансаванне палітычных актараў з замежных крыніц, што тлумачыцца неабходнасцю захавання незалежнасці дзяржавы і абмежаваннем магчымасцяў замежных актараў ўплываць на ўнутраную палітыку. Але ў краінах, дзе грамадзянская супольнасць і база падтрымкі палітычных партый і незалежных кандыдатаў не вельмі развітыя, можа быць карысным дазволіць выкарыстанне міжнародных фінансавых рэсурсаў.

Дзеючае заканадаўства Беларусі забараняе ахвяраванні ў выбарчыя фонды ад замежных дзяржаў, арганізацый, грамадзян і асоб без грамадзянства, а таксама ад міжнародных арганізацый і структур з замежнымі заснавальнікамі. Забарона распаўсюджваецца на арганізацыі, зарэгістраваныя менш чым за год да ахвяравання, дабрачынныя і рэлігійныя арганізацыі, а таксама на атрымальнікаў замежнай бязвыплатнай дапамогі на працягу года да ахвяравання. Гэта ўключае дапамогу ад замежных і міжнародных структур, беларускіх грамадзян, якія пражываюць за мяжой больш за 183 дні, і асоб без грамадзянства без дазволу на пастаяннае пражыванне ў Беларусі.

Больш за тое, заканадаўства вызначае мяжу магчымых выдаткаў кандыдата, якая адносна невялікая для рэальнай палітычнай агітацыі і канкурэнтнай барацьбы: 10 000 базавых велічынь, 420 000 рублёў (117 000 еўра). Такое рэгуляванне нацэленае на забеспячэнне поўнага кантролю за крыніцамі фінансавання выбарчых кампаній, каб выключыць любое знешняе ўмяшанне і патэнцыйны "непадкантрольны" ўнутраны ўплыў.

Парушэнні падчас агітацыі

Агітацыя прадугледжвае барацьбу палітычных ідэй, і дзеля перамогі кандыдаты часта здзяйсняюць шэраг тыповых парушэнняў.

Крыніца: Перадвыбарная агітацыя: што важна ведаць пра гэты этап?