25.11.2024 Тэгі: палітвязні, пераслед У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 22-24 лістапада 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Пасля затрыманняў у Смаргоні некалькі чалавек застаюцца пад арыштам

Юрась Кутузаў
Юрась Кутузаў

Вядома, што пад арыштам застаецца вядомы грамадскі актывіст ранейшых гадоў Юрась Кутузаў. Ён у следчым ізалятары Гродна. Мяркуючы па ўсім, супраць яго распачатая крымінальная справа. Па якім дакладна артыкуле — пакуль невядома.

Не выйшла з арышту і яшчэ адна з затрыманых — Марыэт Валюк, паводле некаторых звестак яна знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Мінску. Верагодна, не выйшла на волю і яшчэ адна маладая дзяўчына, імя якой пакуль невядомае.

Агулам пад "зачыстку" ў Смаргоні трапілі каля 12 чалавек, большасць з іх выйшла на волю пасля "сутак", піша "Гарадзенская Праваабарона".

Блогер Vadimati просіць адпісацца ад яго старонкі ў Instagram

Вадзім Ермашук (блогер Vadimati)

Былы палітвязень і блогер Вадзім Ермашук папярэдзіў падпісантаў, што ягоны акаўнт у Instagram можа быць прызнаны "экстрэмісцкім".

У раскладзе судоў з'явілася інфармацыя, што судовае пасяджэнне па справе "Аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі" прызначанае на 27 лістапада. Яно пройдзе ў судзе Ленінскага раёна Гродна. Справу будзе разглядаць суддзя Артур Лешык.

Vadimati раіць усім падпісантам адпісацца ад яго старонкі, каб пазбегнуць магчымых наступстваў, піша канал "Суды, задержания. Гродно и область".

Палітвязняў прымушаюць пісаць прашэнні на памілаванне 

Папраўчая калонія № 3

Па інфармацыі "Вясны" ў адной з калоній палітвязням, якіх толькі перавялі ў папраўчую ўстанову, прапануюць адразу пісаць на памілаванне.

У ліпені "Вясна" паведамляла, што ў наваполацкую калоніі № 1 кожны дзень прыязджаюць прадстаўнікі мінскай пракуратуры, якія прымушаюць палітвязняў пісаць прашэнні аб памілаванні.

Нагадаем, з ліпеня на волю па памілаванні выйшлі 178 палітвязняў. У гэты самы час 223 іншых чалавекі атрымалі статус палітычнага зняволенага.

У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 36 прозвішчаў — цяпер у ім 4692 чалавекі

22 лістапада МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".

Сярод іншых, у спіс дадалі бацьку палітзняволенага Мікіты Залатарова Міхаіла Лапунова, завочна асуджанага Валера Водзіна, гісторыка Ігара Мельнікава.

Мінінфарм апублікаваў спіс "забароненых выданняў"

Міністэрства інфармацыі размясціла на сваім сайце "Спіс друкаваных выданняў, якія змяшчаюць інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, распаўсюд якіх здольны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь".

У спісе 36 пазіцый, піша "Наша Ніва".

Instagram-старонка былога палітвязня Аляксандра Кабанава прызнаная "экстрэмісцкай"

Адпаведнае рашэнне прынятае 19 лістапада судом Ленінскага раёну Брэста.

Таксама ў Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі Telegram-каналы і чаты "Бавовна", "БЧБ Киберотряд", старонку ў Facebook "Быць belarusam", а таксама старонкі ў "Аднакласніках" "Беларускiя сацыял-дэмакраты" і "Краткая история Беларуси за последнюю 1000 лет".

Крыніца: Арышты, "забароненыя выданні" і абноўлены "Спіс экстрэмістаў": хроніка пераследу 22-24 лістапада