15.11.2024 Тэгі: выбары-2025Ілюстрацыйнае фота Бягучая выбарчая кампанія ўжо адзначылася сваімі масавымі рэпрэсіямі. Падчас прыцягнення адміністрацыйнага рэсурсу, распаўсюджанага на выбарах у Беларусі, таксама могуць выкарыстоўвацца традыцыйныя метады ціску: пагрозы звальнення, высяленне з інтэрната ды іншае. Праваабаронцы адзначаюць, што адным са складнікаў кампанентаў свабодных выбараў з'яўляецца права на свабоду ад запалохвання. Юрысты кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" тлумачаць, што з'яўляецца парушэннем і як гэтаму супрацьстаяць.

Выбары з'яўляюцца свабоднымі, калі чалавек цалкам упэўнены ў тым, што менавіта ён, па ўласнай волі, прымае рашэнне: ці ўдзельнічаць яму ў выбарчых працэсах.

Праваабаронцы адзначаюць, што парушэннем з'яўляецца прымус удзельнічаць у флэшмобе "Надо" або паставіць подпіс за кандыдата пад пагрозай звальнення. Гэта тактыка запалохвання ў выглядзе эканамічнай пагрозы.

Таксама тактыкай запалохвання ў выглядзе магчымай фізічнай пагрозы ў дзеянні з'яўляецца тое, што ветэраны МУС, якія актыўна ўдзельнічалі ў разгонах мірных дэманстрацый і падтрымліваюць А. Лукашэнку, цяпер выступяць у якасці назіральнікаў, сябраў выбарчых камісій і гэтак далей.

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" нагадвае:

У пункце 7.7 Капенгагенскага дакумента АБСЕ 1990 года адзначаецца, што для таго, каб воля народа служыла асновай улады ўрада, дзяржавы-ўдзельніцы забяспечваюць, каб закон і дзяржаўная палітыка дапускалі правядзенне палітычных кампаній у атмасферы свабоды і сумленнасці, у якой ніякія адміністрацыйныя дзеянні, гвалт або запалохванне не ўтрымлівалі б партыі і кандыдатаў ад вольнага выказвання сваіх поглядаў і ацэнак, а таксама не перашкаджалі б выбаршчыкам знаёміцца з імі і абмяркоўваць іх ці галасаваць свабодна, не асцерагаючыся пакарання.

У Заўвагах агульнага парадку № 25 у артыкуле 25 гаворыцца:

"Любыя парушэнні, што тычацца ўмяшання ў працэдуры рэгістрацыі або галасавання, а таксама запалохванне або прымус выбаршчыкаў павінны быць забароненыя крымінальным заканадаўствам, якое мусіць строга ўжывацца".

Паведаміць праваабаронцам пра прымус на выбарах можна ў тэлеграме @viasnaSOS і @viasnainfo.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: Выбары-2025: што такое права на свабоду ад запалохвання?