28.08.2024 Тэгі: ААН, палітвязні, праваабаронцы, правы зняволеных, правы людзей з інваліднасцю У Жэневе разгледзелі сітуацыі з правамі людзей з інваліднасцю ў Беларусі. Пра тое, як адчытваліся беларускія ўлады, "Вясна" пісала тут. А цяпер — пра тое, якую ролю адыгралі беларускія праваабаронцы.

sacunkevich-drazdouski.jpg
Наталля Сацункевіч, Хуан Ігнасіа Перэс Бэла і Сяргей Драздоўскі

Камітэт па правах людзей з інваліднасцю сустрэўся з беларускай грамадзянскай супольнасцю — з тымі, хто рыхтаваў альтэрнатыўны даклад па Беларусі. Сярод іх — прадстаўніца "Вясны" Наталля Сацункевіч і дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі.

"Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца з кожным месяцам, арыштоўваюць і рэпрэсуюць новых людзей, і проста цяпер людзі сутыкаюцца з катаваннямі, — адзначыла на сустрэчы з Камітэтам Наталля Сацункевіч. — Любая спроба публічна рэалізаваць свае правы або крытыкаваць урад прыводзіць да арыштаў і рэпрэсій. Людзі баяцца звяртацца да праваабаронцаў і незалежных журналістаў. "Вясна" прызнаная экстрэмісцкім фармаваннем, удзел у дзейнасці або перадача інфармацыі цягне за сабой крымінальны пераслед і турэмнае зняволенне тэрмінам да 6 гадоў.

У сваім маніторынгу мы надаем асаблівую ўвагу ўразлівым групам і радыя даць Камітэту інфармацыю аб грамадзянскіх і палітычных правах людзей з інваліднасцю. На сённяшні дзень вядома, што супраць больш чым 3 300 чалавек ужываўся палітычна матываваны крымінальны пераслед, з іх 1 385 знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. Паводле звестак Праваабарончага цэнтра "Вясна", сярод асуджаных паводле палітычных матываў, што адбываюць пакаранне ў калоніях і турмах, не менш за 16 чалавек з інваліднасцю, 91 чалавек з цяжкімі захворваннямі, 65 пажылых людзей старэйшых за 60 гадоў (многія з якіх таксама маюць сур'ёзныя праблемы са здароўем) і 10 чалавек з псіхасацыяльнымі парушэннямі. Гэта няпоўныя дадзеныя. Таксама варта ўлічваць, што ўстанаўленне інваліднасці ў месцах пазбаўлення волі спалучана з вялікімі цяжкасцямі, праз што многія людзі не прызнаюцца ўладамі інвалідамі".

Згадала Наталля Сацункевіч і пра артыкул 10 Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю — "Права на жыццё", які кажа пра тое, што "дзяржавы-ўдзельніцы [Канвенцыі] зноў пацвярджаюць неад'емнае права кожнага чалавека на жыццё і прымаюць усе неабходныя захады для забеспячэння яго эфектыўнага ажыццяўлення людзьмі з інваліднасцю нароўні з іншымі".

"Асуджаным людзям з інваліднасцю не аказваецца адэкватная медычная дапамога, што прывяло да смерці некалькіх палітычна матываваных асуджаных людзей з інваліднасцю ў калоніях за апошнія гады, — распавяла Камітэту па правах людзей з інваліднасцю Наталля Сацункевіч. — 20 лютага 2024 года ва ўзросце 64 гадоў памёр палітвязень і грамадскі дзеяч Ігар Леднік. Ён быў адвольна асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі за паклёп на Аляксандра Лукашэнку ў друкаваным выданні. Палітвязень меў другую групу інваліднасці праз праблемы з сэрцам, але яго ўсё роўна асудзілі да пазбаўлення волі. У зняволенні здароўе Ігара Ледніка значна пагоршылася, і яму зрабілі аперацыю на страўнікава-кішачным тракце. Прычынай смерці палітвязня стала спыненне сэрца.

У траўні 2023 года ў віцебскай калоніі № 3 памёр 61-гадовы грамадскі актывіст з Пінска Мікалай Клімовіч. Ён быў асуджаны да аднаго года пазбаўлення волі ў калоніі за рэакцыю ў "Аднакласніках" на карыкатуру з Лукашэнкам. У Мікалая Клімовіча была інваліднасць, ён перанёс інсульт і складаную аперацыю на сэрцы".

Акрамя таго, праваабаронца звярнула ўвагу і на такую нявырашаную праблему, як змяшчэнне людзей з псіхасацыяльнымі парушэннямі ў следчыя ізалятары на некалькі месяцаў да рашэння суда. У гэты час яны практычна не атрымліваюць лячэння і ўтрымліваюцца ў агульных камерах або ў адзіночных камерах.

"Людзі з інваліднасцю і пажылыя людзі рэгулярна становяцца ахвярамі катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага або зневажальнага годнасць абыходжання, асабліва ў сувязі з крымінальнымі абвінавачваннямі паводле палітычных матываў. Таксама такі зварот шырока распаўсюджваецца дзяржаўнымі СМІ, — сказала Наталля Сацункевіч. Галіна Дзербыш, 63-гадовая жанчына з інваліднасцю і анкалагічным захворваннем, якую пераследуюць паводле палітычных матываў, была змешчаная ў адзіночную камеру на 10 сутак у турму № 1 у Гродне, дзе ёй не давалі неабходныя лекі, праз што яна некалькі разоў губляла прытомнасць. 15 месяцаў жанчына ўтрымлівалася ў адзіночнай камеры. Цяпер яна знаходзіцца ў калоніі ва ўмовах інфармацыйнай блакады. Ёсць паведамленні аб яе вельмі цяжкім становішчы. Як сказаў мой калега, статыстыка не прадастаўляецца, і гэта не дазваляе распрацоўваць і ўкараняць стратэгіі па выкананні дзеючай Канвенцыі ў дачыненні да асуджаных і зняволеных асоб з інваліднасцю".

Сярод удзельнікаў і складальнікаў альтэрнатыўнага дакладу — і дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі. Ён распавёў, якія рэкамендацыі вынесла грамадзянская супольнасць для беларускіх уладаў:

Цалкам з версіяй альтэрнатыўнага дакладу па Беларусі можна азнаёміцца тут.

Крыніца: "У турмах не менш за 16 палітвязняў з інваліднасцю". Як выглядаў альтэрнатыўны даклад для Камітэта па правах людзей з інваліднасцю