15.03.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, рэпрэсіі, дыфамацыя 13 сакавіка 2024 году ў судзе Баранавічаў і Баранавіцкага раёна прайшоў суд над Таццянай Макаравай. Жанчыну прызналі вінаватай паводле ч. 3 арт. 203-1 Крымінальнага кодэксу (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі пра прыватнае жыццё і персанальных даных).

Жанчыну асудзілі да двух з паловай гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ ("хатняй хіміі"). Таксама ёй прызначылі штраф у памеры 4000 рублёў (100 базавых велічыняў). Прыкметна, што пасяджэнне адбывалася не ў будынку суда, а ў Баранавіцкім машынабудаўнічым коледжы. Справу разглядзела суддзя Сафія Хвалько.

Таццяну Макараву прызналі вінаватай у тым, што ў Facebook яна распаўсюдзіла інфармацыю пра персанальныя даныя оперупаўнаважанага крымінальнага вышуку АУС Магілёўскага райвыканкаму. Жанчына прызнала віну. Як мяркуецца, да суда жанчыну трымалі ў Баранавіцкім СІЗА №6: сама яна жыве ў Ляхавіцкім, альбо Лунінецкім раёне, але ў снежні 2023 года яе двойчы судзілі ў Баранавіцкім судзе паводле арт.19.11 КаАП (прычым другі раз судзілі па скайпе). Гэта вынікае з пастаноў Баранавіцкага суда ў дачыненні да Макаравай. Па тых адміністрацыйных справах жанчыне давалі 10 сутак арышту, штраф на 20 базавых (740 рублёў) і канфіскавалі тэлефон.

Адметна, што нядаўна ў Мінску разглядалі справу паводле гэтага ж артыкула Крымінальнага кодэксу: тады мужчына не набыў квіток у грамадскі транспарт, а калі кантралёры прыйшлі з праверкай, то назваў ім чужое імя. За гэта яго пакаралі грамадскімі працамі на тэрмін 250 гадзін.

Крыніца: Жанчыну асудзілі да "хатняй хіміі" і штрафу ў 4000 рублёў за допіс на Facebook