07.07.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед У Брэсцкім абласным судзе паўтара месяцы доўжыцца суд гад 40-гадовым лекарам з Баранавіч Валерыем Хаменкам. Лекара брыгады інтэнсіўнай тэрапіі станцыі хуткай дапамогі абвінавачваюць у рэабілітацыі нацызму (ч. 1 арт. 130-1 Крымінальнага кодэкса).

Справу з 17 траўня разглядае суддзя Вера Філонік, дзяржабвінаваўца – Вольга Грыцкевіч.

Згодна з матэрыяламі справы, затрыманы напачатку красавіка 2023 года Хаменка ў жніўні 2020 года нібыта размясціў і захоўваў на адной з агульнадаступных старонак у сацыяльнай сетцы матэрыялы з выявамі плакатаў, на якіх мелася сімволіка, звязаная з ідэямі расавай перавагі, паказана асабістае стаўленне да салдат фашысцкай Германіі, прыхільнасць да нацысцкіх і расісцкіх поглядаў.

Спачатку мужчыну абвінавацілі ў тым, што ў сацсетцы "Вконтакте" ён зрабіў рэпост публікацыі, дзе побач параўноўваліся ўлёткі часоў нацысцкай Германіі і ўлёткі з сучаснай Расеі. Да дадзеных улётак Валерый напісаў: "Рашызм".

Гэта напачатку палічылі "рэабілітацыяй нацызму", г.зн." злачынствам " паводле ч. 1 арт. 130-1 Крымінальнага кодэкса, піша "Берасцейская Вясна".

Пракуратура Брэсцкай вобласці яшчэ да суда пісала пра гэтую справу (абставіны падыходзяць пад справу Хаменкі): "абвінавачаны ў мэтах апраўдання, распаўсюджвання і папулярызацыі ідэалогіі нацызму, а таксама гераізацыі нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых размясціў і захоўваў на адной з агульнадаступных старонак у сацыяльнай сетцы матэрыялы з выявамі плакатаў. На іх мелася сімволіка, звязаная з ідэямі расавай перавагі адной нацыі над іншай, паказаны асабістае станоўчае стаўленне да салдат фашысцкай Германіі, прыхільнасць да нацысцкіх і расісцкіх поглядаў".

Але на судзе 5 ліпеня пракурорка ўдакладніла абвінавачванне. Цяпер яно гучала так: Валерый Хаменка распальваў варожасць у адносінах да рускіх і жыхароў Расіі шляхам публікацыі некалькіх репостаў і каментароў у "Вконтакте". А менавіта публікацыямі:

На наступны дзень пасля зняцця абвінавачвання па крымінальным артыкуле" рэабілітацыя нацызму", Баранавіцкі суд разгледзеў адміністрацыйную справу супраць Валерыя Хаменкі. Валерыю прад'явілі... ч. 1 арт. 19.10 КаАП "прапаганда або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі".

Вынікі гэтага адміністрацыйнага суда пакуль невядомыя, як і падрабязнасці справы, але можна меркаваць, што за тую публікацыю, дзе была свастыка (і дзе параўноўваліся нацысцкія ўлёткі з сучаснымі расейскімі) наважылі судзіць хоць за нейкі "нацызм".

Разгляд справы Валерыя Хаменкі працягнецца ў судзе 12 ліпеня.

Крыніца: Паўтары месяцы ў Берасці судзяць баранавіцкага лекара Валерыя Хаменку