У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 15 верасня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Палітзняволенай Паліне Шарэндзе-Панасюк падоўжылі тэрмін у штрафным ізалятары
Пра гэта паведаміў ейны муж Андрэй Шарэнда. Па яго словах, палітзняволенай падоўжылі тэрмін утрымання ў ШІЗА на 10 сутак. Агулам Паліна правядзе ў ізалятары 60 сутак запар. Акрамя гэтага, адвакат жанчыны не можа да яе патрапіць ужо тры месяцы.
Нагадаем, у гомельскай калоніі 7 красавіка Паліну асудзілі па ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Суд прызначыў ёй у дадатак да двух гадоў зняволення яшчэ адзін год у калоніі.
Падтрымайце палітзняволеную: ПК № 24, 247526, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць, Паліне Сяргееўне Шарэндзе-Панасюк.
Доктара стаматалогіі затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў
Учора ў другой палове дня ў Ваўкавыску была затрымана стаматалагіня Нэла Саўчанка.
Пра гэта паведамляе @Grodno_grab. Паведамляецца, што затрымалі жанчыну паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
У Менску затрымалі экскурсаводку Аксану Манкевіч
На праўладных тэлеграм-каналах з’явілася «пакаяльнае» відэа з Аксанай, на якім дзяўчына кажа, што «прымала ўдзел у масавых мерапрыемствах у 2020 годзе, а таксама выходзіла на дарогу з бел-чырвона-белым сцягам».
Аксану ўжо двойчы затрымлівалі па «народных» артыкулах у 2021 годзе. Апошні раз яе арыштоўвалі на 15 сутак у лістападзе 2021 года.
«Зялёны партал» перастаў адкрывацца ў Беларусі
З-за мяжы сайт пакуль яшчэ даступны для чытачоў. Пры спробе адкрыць сайт з'яўляецца заглушка, што доступ да інфармацыйнага рэсурса абмежаваны на падставе рашэння Міністэрства інфармацыі, піша БАЖ.
«Зялёны партал» — інфармацыйны рэсурс, які вырабляе і распаўсюджвае навінную і аналітычную інфармацыю з экалагічнай і прыродаахоўнай абласцей.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Затрыманні за падпіску на экстрэмісцкія каналы, блакаванне сайтаў: хроніка пераследу 15 верасня