У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманні і штрафы

Міліцыянты прымусілі затрыманага ў наручніках несці з сабой дзверы ад халадзільніка

Віктар Жаркевіч
Віктар Жаркевіч

На відэа, якое 6 верасня было размешчана на праўладным тэлеграм-канале, мінчук Віктар Жаркевіч трымае ў руках дзверы ад халадзільніка, залепленыя "пратэснымі" стыкерамі — з бчб-сцягамі і з анархісцкімі лозунгамі. На галаву мужчыны апранутая чырвоная каска з Пагоняй, рукі — у кайданках. Дзверы халадзільніка мужчыну змусілі самога цягнуць да аддзялення, паведамляе "Наша Ніва".

У Мінску затрымалі мужчыну, які расклейваў "пратэсныя налепкі" і размалёўваў пад'езд

Затрыманы за налепкі мужчына
Затрыманы за налепкі мужчына

5 жніўня супрацоўнікі міліцыі затрымалі 38-гадовага жыхара Жодзіна, які ў пад'ездзе сталічнага шматкватэрнага дома расклеіў налепкі, а таксама нанёс чырвонай фарбай малюнкі і надпісы "пратэснай скіраванасці". Устаноўлена, што мужчына пражывае ў гэтым жа пад'ездзе, у ягонай кватэры былі знойдзены і канфіскаваны ўлёткі, сцягі і налепкі "пратэснага характару". У адносінах да затрыманага ўзбуджана крымінальная справа за хуліганства.

Музыку Ігара Банцара зноў арыштавалі на 15 сутак

Ігар Банцар
Ігар Банцар

Гэтым жа днём у судзе Цэнтральнага раёна Мінска адбыўся чарговы суд над былым палітвязнем Ігарам Банцарам. Яго абвінавацілі па артыкуле 19.11 КаАП "Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". У выніку Ігара зноў арыштавалі на 15 сутак. Агулам яго будуць утрымліваць за кратамі мінімум 45 сутак. Як паведамляе @belarus_abc, Банцар дасылае "усім прамяні падтрымкі не толькі ад яго, але і ад усіх палітычных зняволеных". Нагадаем, Банцара затрымалі 4 жніўня ў Гродне, але потым перавезлі ў Мінск на Акрэсціна. Яго ўжо двойчы арыштоўвалі па адміністрацыйных справах.

Кіраўнічку беларускага грамадскага аб'яднання "Пазітыўны рух" аштрафавалі на 100 базавых

Таццяна Пячко
Таццяна Пячко

Нагадаем, выкладчыка БДМУ Уладзіміра Пікірэню і супрацоўніцу беларускага грамадскага аб'яднання "Пазітыўны рух" Таццяну Пячко арыштавалі яшчэ 3 верасня. Як пісаў Уладзімір, міліцыянтам не спадабаўся колер рамкі нумароў машыны. Пазней Пікірэню адпусцілі, а на Пячко склалі пратакол па артыкуле 24.23 КаАП "Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў". У панядзелак, як паведаміў Уладзімір Пікарэня, стала вядома, што Таццяне прысудзілі 100 базавых велічынь штрафу (3200 BYN).

Ціск на палітвязняў

Палітвязню Аляксею Іванчыкаву ў калоніі ўзмацнілі рэжым і пазбавілі перадачы

Аляксей Іванчыкаў
Аляксей Іванчыкаў

Аляксея Іванчыкава затрымалі 27 лютага 2022 года на выхадзе з участка для галасавання. Да Аляксея падышлі некалькі міліцыянтаў у цывільным, ён спрабаваў ад іх збегчы, а падчас затрыманні схапіўся за форменнае абмундзіраванне і нібыта адарваў гузік. На другі дзень яго арыштавалі за акцыю супраць уварвання расійскіх войск ва Украіну. Пасля арышту яго затрымалі па крымінальнай справе аб гвалце або пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК). 2 чэрвеня яго асудзілі да 2,5 гадоў калоніі. Вядома, што Аляксей працаваў спецыялістам 1-ай катэгорыі ў "Беларуснафце". Нядаўна яго перавялі ў магілёўскую калонію. Але неўзабаве Аляксею выпісалі спагнанне і пазбавілі перадачы і перавялі на ўзмоцнены рэжым.

Падтрымайце палітвязня лістамі салідарнасці. Адрас такі: ПК № 15, 212013, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша 183, Аляксею Анатольевічу Іванчыкаву.

Ціск на грамадскія аб’яднанні

Аб'яднанне "Трафі клуб "Белавежскія зубры" ліквідуюць праз суд

Пасяджэнне па справе "аб ліквідацыі грамадскіх аб'яднанняў" адбудзецца 6 верасня. Суддзя — Святлана Даўгашэй. Пазоўнік — Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкама. Арганізацыя працавала 11 гадоў. Яна размяшчалася ў вёсцы Новы Двор Свіслацкага раёна. Клуб арганізоўваў трофі-рэйды ў раёне і ўдзельнічаў у спаборніцтвах пазадарожнікаў, паведамляе @nebovkletku.

Крыніца: Затрыманні за налепкі, "пратэстныя" дзверы халадзільніка, ціск на палітвязняў і ліквідацыя грамадскіх аб’яднанняў: хроніка палітычнага пераследу 5-6 верасня