У Брэсцкім абласным судзе 1 жніўня вынеслі прысуд 33-гадоваму ураджэнцу Драгічына Антону Малюгу па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 1 арт. 375-1 (незаконныя збіранне звестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты). Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён у першыя дні вайны ва Украіне "збіраў каля Пінску звесткі аб размяшчэнні воінскіх часцей", на мапе Беларусі адзначыў месца размяшчэння воінскіх часцей і скінуў яе чалавеку ва Украіне, а таксама скідаў тэксты ў "экстрэмісцкія тэлеграм-бот". Суддзя Мікалай Сенько асудзіў Антона Малюгу да трох гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, піша "Брэсцкая Вясна". Суд праходзіў у закрытым рэжыме.  Раней пракуратура паведамляла падрабязнасці гэтай крымінальнай справы. Так, вядома, што Антону інкрымінавалі тое, што ён ️27 лютага 2022 года адаслаў ў беларускі тэлеграм-бот тэксты, якія "могуць быць выкарастаны ў экстрэмісцкай дзейнасці", а ️28 лютага 2022 года "шляхам візуальнага назірання з салону аўтамабіля", выехаўшы з Пінску, сабраў звесткі пра месцазнаходжанне вайсковых частак ды падраздзяленняў. Затым адзначыў атрыманыя месцы на карце ды адаслаў асобе, якая жыве ва Украіне.

maluga_89.png
Малюга Антон Паўлавіч. Фота з сацсетак

Такія дадзеныя пра вайскоўцаў палічылі дзяржсакрэтамі ды звесткамі, якія складаюць службовую таямніцу. Таму дзеянні Малюгі кваліфікавалі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу Беларусі: ч.1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэміцкай дзейнасці) і ч.1 арт. 375-1 (незаконныя збіранне або атрыманне звестак, якія складаюць дзяржсакрэты). Суддзя Мікалай Сянько палічыў віну мужчыны цалкам даказанай і прызначыў яму тры гады калоніі агульнага рэжыму.

Крыніца: "Збіраў каля Пінску звесткі аб размяшчэнні воінскіх часцей". Драгічынца асудзілі да трох гадоў калоніі