Ігар Леднік. У судзе Ленінскага раёна Мінска 2 верасня пачынаецца разгляд крымінальнай справы палітзняволенага сябра БСДП з Барысава Ігара Ледніка. Ветэрана партыйнага руху абвінавачваваюць у паклёпе на прэзідэнта (ч.2 арт. 367 Крымінальнага кодэкса).

Справу будзе разглядаць суддзя Таццяна Шоцік.

Ігар Леднік быў затрыманы 18 красавіка 2022 года. Напачатку яму прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту, але пасля іх ён на волю не выйшаў – быў змешчаны ў Следчую турму № 8 у Жодзіна.

Ігар Леднік мае інваліднасць 2-й групы праз праблемы з сэрцам. У чэрвені 2022 г. адвакатка паведаміла, што стан здароўя палітвязня пагоршыўся, Ігар знаходзіўся ў санчастцы следчага ізалятара ў ляжачым стане. У ліпені стала вядома, што актывісту зрабілі аперацыю на страўнікава-кішачным тракце.

Згодна з матэрыяламі справы, Ігар Леднік з чэрвеня па снежань 2020 года прадставіў для публікацыі ў адзін з часопісаў артыкул з загалоўкам “Міжнародна прызнаны нейтралітэт Беларусі – гарантыя бяспекі ў рэгіене АБСЕ”.

Названы матэрыял апублікаваны ў друкаваным выданні "Пазіцыя" 28 снежня 2020 года, а 7 чэрвеня 2021 года размешчаны на яго сайце ў сетцы Інтэрнэт. У ім ўтрымліваліся загадзя ілжывыя звесткі, якія ганьбяць і зневажаюць гонар і годнасць Кіраўніка дзяржавы, злучаныя з абвінавачваннем у асабліва цяжкіх злачынствах, у тым ліку супраць бяспекі чалавецтва.

18 ліпеня 2022 г. суд Барысаўскага раёна прызнаў інфармацыйную прадукцыю Facebook-старонкі Ігара Ледніка "экстрэмісцкімі матэрыяламі".

Частка 2 арт. 367 Крымінальнага кодэкса (дзеянне, здзейсненае асобай, якая раней была асуджана за паклёп ці абразу, альбо злучанае з абвінавачваннем у здзяйсненні цяжкага ці асабліва цяжкага злачынства) – больш суровая і прадугледжвае абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін да шасці гадоў.

Будзе дапоўнена.

Крыніца: Пачынаецца суд над Ігарам Леднікам: партыйцу пагражае да 6 год калоніі