У Беларусі ні на дзень не спыняюцца рэпрэсіі супраць грамадзян: абдываюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Улады пераследваюць грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 31 жніўня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Горадні затрымалі адвакатку Юргелевіч, якая абараняла палітвязняў

Таксама дома ў Юліі Юргілевіч адбыўся ператрус.

Юлія абараняла ў судзе палітвязняў Алеся Пушкіна, Арцёма Баярскага, Ігара Банцара, Андрэя Аўсіевіча, Андрэя Сакалоўскага. 23 лютага 2022 года яе выключылі са складу Гарадзенскай абласной калегіі адвакатаў за «сістэматычныя парушэнні заканадаўства».

Таксама ёсць інфармацыя, што адвакатка ў лютым з'ехала з Беларусі, але нядаўна вярнулася.

Затрымалі кіраўніка гарадзенскага «Цэнтра гарадскога жыцця» Паўла Мажэйку

Пра гэта паведамляе @Grodno_grab.

У сакавіку 2021 года Паўла Мажэйку затрымлівалі разам з мастаком Алесем Пушкіным. Тады Мажэйку вызвалілі пасля 72 гадзіны. 

BYPOL прызналі тэрарыстычнай арганізацыяй

Па заяве Генпракурора Андрэя Шведа Вярхоўны Суд прызнаў арганізацыю «BYPOL» з структурнымі падраздзяленнямі «Сітуацыйна – аналітычны цэнтр», якія ўваходзяць у яе, і «Мабілізацыйны план «Перамога» тэрарыстычнай.

Палітзняволенага Паўла Вінаградава пазбавілі рэжымнай перадачы

Адміністрацыя папраўчай калоніі № 12 склала тры рапарты на Паўла Вінаградава, адзін з іх – за тое, што ад слабасці прылёг на ложак. Паведамляецца, што Вінагардава закінулі ў штрафны ізалятар з 23 жніўня. Раней яго пазбавілі працяглага спаткання.

Напрыканцы ліпеня палітвязня перавялі ў аршанскую калонію, вядомую тым, што там утрымліваюцца і лечацца асуджаныя, хворыя на актыўную форму сухотаў. Паўла асудзілі да пяці гадоў калоніі за адзін пост у Фэйсбуку.

Падтрымайце Паўла: ПК №12, 211381, Віцебская вобласць, Орша, вул. Смаленская, 2, Павел Юр'евіч Вінаградаў

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Затрыманні ў Гародні, папаўненне ў тэрарыстычным спісе: хроніка пераследу 31 жніўня