У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі 26 жніўня. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Палітзняволеную Паліну Шарэнда-Панасюк у новай калоніі змясцілі ў ШІЗА на 20 содняў

Паліна Шарэнда-Панасюк

Муж Паліны Андрэй Шарэнда паведаміў у сваім Фэйсбуку, што жанчыну ў калоніі №24 змясцілі ў ШІЗА. 10 содняў пакарання Паліна ўжо адбыла, але ж застаецца яшчэ 10 содняў.

Нагадаем, што да гэтага жанчына адбывала тэрмін у гомельскай калоніі №4, і яе там неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА. Спачатку ёй прысудзілі 2 гады калоніі быў за тое, што ад Паліны пацярпелі ажно 7 міліцыянтаў падчас аднаго вобшуку ў яе сям'і. Потым за нібыта шматлікія парушэнні ў калоніі дадалі яшчэ 1 год зняволення.

ГУБАЗіК затрымаў жыхарку Мінска Наталлю Азарэвіч 

Паводле сілавікоў, 40-гадовая жанчына ўдзельнічала ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе.

Сям’ю праваслаўнага святара пераследуюць за перапосты ў сацсетках

Пра гэта паведамляе суполка «Хрысціянская візія». Вядома, што падчас рэлігійных святаў затрымалі жонку праваслаўнага святара і пагражалі ёй зняволеннем да суда, які мусіў адбыцца ўжо пасля святаў. Паводле арт. 19.11 КаАП («Выраб, распаўсюд і (альбо) захаванне экстрэмісцкіх матэрыялаў») ёй прысудзілі штраф «у памеры сярэдняга беларускага месячнага заробку», а таксама канфіскавалі тэлефон. Нагодай стаў фотаздымак святара ў сацсетках з лагатыпам СМІ, якое ў Беларусі прызнанае «экстрэмісцкім».

Пасля гэтага матушку выклікалі на прафілактычныя гутаркі, пагражалі арыштам яе і мужа, а таксама тым, што паставяць сям’ю на ўлік як «сацыяльна-небяспечную». Таксама вядома, што ўладаў зацікавілі іншыя фотаздымкі ў сацсетках і бела-чырвона-белае і жоўта-блакітнае спалучэнне колераў у доме святара.

«Прыязджаў АМАП, збівалі «палітычных» і прымушалі крычаць «Люблю Лукашэнку»: паведамляецца пра збіццё на «хіміі»

Праваабаронцам паведамілі, што 23 жніўня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу № 39 у Крупках прыязджалі супрацоўнікі АМАПу і збівалі «палітычных». Прычыны такой увагі да людзей, асуджаных да «хіміі» па палітычных матывах, невядомыя.

«Прыязджаў АМАП, збівалі «палітычных» і прымушалі крычаць «Люблю Лукашэнку, люблю АМАП». Пад канец казалі, што прыехалі па паручэнні начальніка ўстановы Мацука.

«Палітычных па два чалавекі заводзілі ў ленпакой, ставілі да сценкі і малацілі кулакамі і дубінкамі. Запытваліся артыкул, а калі чулі «палітычны артыкул», то яны казалі: «Наш кліент» і малацілі. Некаторых «палітычных» нават ні разу не ўдарылі, а ў астатніх ногі сінія», — распавядаюць сведкі.

Па звестках праваабаронцаў, у ПУАТ № 39 знаходзіцца як мінімум 14 чалавек асуджаных па палітычных матывах.

У Магілёве сілавікі затрымалі цэлую сям'ю — за ўдзел у акцыях у 2020 годзе

Супрацоўнікі ГУБАЗіК і мясцовага АМАПа затрымалі мужа і жонку — Яўгена і Вольгу Пруднікавых. Фармальнай прычынай для затрымання стала тое, што сямейная пара ездзіла ў 2020 годзе на акцыі пратэсту ў Мінск.

Вядома, што дома ў Пруднікавых быў праведзены ператрус.

КДБ цісне на сваякоў намесніка камандзіра палка Каліноўскага Вадзіма Кабанчука

Першай ахвярай стаў 32-гадовы стрыечны брат Вадзіма Сяргей Франчук. Як паведаміла маці Вадзіма Таісія Кабанчук, яго забралі з кватэры бацькоў у Бабруйску, дзе ён жыў апошнім часам. 9 жніўня, калі бацькі Сяргея былі на дачы, 5 чалавек з менскага АМАПу ўварвалася ў кватэру, ударылі Сяргея пісталетам па галаве, правялі вобшук, забралі мабільны тэлэфон, ноўтбук і самаго Сяргея Франчука.

Мужчына быў асуджаны на 15 сутак нібыта за непадпарадкаванне. Але насамрэч спецслужбаў цікавіў Вадзім Кабанчук. Было запісана пакаяльнае відэа, дзе Франчук прызнаецца, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту 2020 году і рабіў каментары ў экстрэмісцкіх тэлеграм-чатах. Лоб Сяргея быў заклеены.

23 жніўся пасля заканчэння 15 сутак Сяргей Франчук на волю не выйшаў. Яму прад'явілі абвінавачванне паводле арт.342 КК РБ.

Таксама за гэты час на допыт у КДБ была выклікана дваюрадная сястра Вадзіма Кабанчука з мужам. У іх таксама распытвалі, што ведаюць пра Вадзіма.

Інфармацыя дапаўняецца 

Крыніца: Затрыманні за Маршы, ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 26 жніўня