У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі 25 жніўня. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Палітзняволенага Сцяпана Латыпава хочуць перавесці з калоніі ў турму

Сцяпан Латыпаў

29 жніўня ў судзе Івацэвіцкага раёна адбудзецца суд па замене палітвязню Сцяпану Латыпаву, які адбывае тэрмін у «Воўчых норах», пакарання на больш жорсткае. Верагодна, яго збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым. Рашэнне будзе прымаць суддзя Аляксандр Кірыловіч.

Нагадаем, у сярэдзіне траўня Сцяпана перавялі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) на пяць месяцаў. За першыя два тыдні ў ПКТ палітвязень атрымаў толькі два лісты. 16 жніўня мінулага году Латыпава асудзілі да 8,5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і аштрафавалі на 300 базавых велічыняў. За пяць месяцаў у калоніі палітвязня змяшчалі ў ШІЗА агулам на 32 дні.

Працягвайце пісаць Сцяпану: ПК №22, 225295, Брэсцкая вобласць, Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20, Сцяпан Сяргеевіч Латыпаў

Гомельскаму пастару прыгразілі крымінальнай справай у выпадку правядзення абраду хрышчэння

На пастара гомельскай суполкі хрысціян поўнага Евангелля «Жывая вера» Дзмітрыя Падлобкі не спыняецца ціск. Нагадаем, нядаўна яго асудзілі за правядзенне абраду хрышчэння ў двары прыватнага дома, расцаніўшы гэта як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.

А 24 жніўня пастару выдалі ў міліцыі папярэджанне аб недапушчальнасці паўторнага парушэння закона аб масавых мерапрыемствах, распавёў ён на сваёй старонцы:

«Папярэдзілі, што калі будзе парушэнне закону яшчэ, то гэта ўжо можа быць крымінальная справа. А бонусам мяне апавясцілі, што цяпер цягам года кожны месяц са мной асабіста будзе сустракацца ўчастковы міліцыянт — каб праводзіць прафілактычную працу».

Мікалай Аўтуховіч паскардзіўся на ўмовы зняволення

Мікалай Аўтуховіч

Ягоную скаргу да турмы №1 Гродна 25 жніўня разгледзіць суддзя Артур Лешык.

Палітвязень Эдуард Бабарыка падаў скаргу на чарговае падаўжэнне тэрміну ўтрымання пад вартай 

25 жніўня ў судзе Партызанскага раёна Мінска будзе разгледжана скарга палітзняволенага Эдуарда Бабарыкі, які бесперапынна ўтрымліваецца за кратамі ўжо два гады і два месяцы, на падаўжэнне тэрміну ўтрымання пад вартай. Рашэнне па скарзе ў закрытым рэжыме будзе прымаць суддзя Міхаіл Макарэвіч.

Нагадаем, пасля затрымання 18 чэрвеня 2020 году Эдуарду было прад'яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў), а потым яму выставілі яшчэ абвінавачванні ў распальванне варожасці (арт. 130 КК) і ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 КК).

Падтрымайце яго бандэролькай з прыемнымі дробязямі, грашовым пераводам або тэлеграмай: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Эдуард Віктаравіч Бабарыка

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 25 жніўня Дапоўнена