У Мінскім раённым судзе 11 жніўня распачаўся разгляд крымінальнай справы супраць палітзняволенага "рэйкавага партызана" Сяргея Глебкі. Ён быў затрыманы ў ноч з 1 на 2 сакавіка ў Стоўбцах разам з жонкай за падпал бярвення з мэтай перашкоды руху цягнікоў з тэхнікай і боепрыпасамі расейскіх войскаў. Цяпер палітвязня абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 289 КК (акт тэрарызму) і ч. 4 арт. 309 КК (наўмыснае прывядзенне чыгуначных шляхоў зносін у непрыдатны для эксплуатацыі стан у мэтах учынення акту тэрарызму). Яму пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі. Справу разглядае суддзя Антон Колабаў. Пакуль пасяджэнне абвешчана адкрытым. Згодна з матэрыяламі справы Глебка ў сакавіку 2022 года ў Стоўбцах "у мэтах дэстабілізацыі нармальнай працы чыгуначнага транспарту распаліў вогнішча на галоўным шляху непасрэдна перад праездам пасажырскага цягніка". Лакаматыўная брыгада не паспела своечасова прымяніць экстранае тармажэнне і цягнік праехаў над агнём. Машыніст які ехаў праз некаторы час грузавога чыгуначнага саставу з вуглём паспеў спыніць цягнік перад месцам узгарання дзякуючы папярэджанні дыспетчарскай службы Беларускай чыгункі.

glebko_sergey.jpg
Сяргей Глебка

Як сцвярджае абвінавачванне, дзеянні Глебкі "стварылі рэальную пагрозу наступлення цяжкіх наступстваў у выглядзе аварыі, пашкоджанні рухомага складу, гібелі альбо траўміравання людзей".

"Абвінавачаны здзейсніў злачынства пад уплывам дэструктыўных Telegram-каналаў і навінавых сайтаў, каб аказаць уздзеянне на рашэнні, якія прымаюцца органамі ўлады Беларусі".

На "пакаяльным відэа" пасля затрымання бачна, што Сяргей збіты.

no_war_viasna.jpeg
Скрыншот з "пакаяльнага відэа"

"Паклаў два палена на шляхі, так як нагледзеўся телеграм-каналаў і быў не згодны, хацеў як бы выказаць сваю падтрымку і падпаліў гэтыя палена", — казаў мужчына на відэа.

Крымінальная справа супраць палітвязня знаходзілася ў вытворчасці Галоўнага ўпраўлення па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі цэнтральнага апарата Следчага камітэта. У Мінскі раённы суд 15 ліпеня справу перадала Генеральная пракуратура.

Глебка знаходзіцца пад вартай чатыры месяцы. За гэты час следчыя паспелі расследваць справу. 7 ліпеня КДБ унёс Сяргея Глебку ў спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.

Падтрымаць палітвязня можна па адрасе:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2,Сяргей Сяргеевіч Глебка

Крыніца: У Мінску распачаўся першы суд па справе антываеннага "рэйкавага партызану"