Мінскі абласны суд 2 жніўня ў выязным пасяджэнні працягвае разглядаць "справу аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады". На лаве падсудных знаходзяцца палітзняволеныя палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандар Фядута, кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў, супрацоўніца мінскага офісу Зянковіча Вольга Галубовіч, актывіст і дальнабойшчык Дзяніс Краўчук, а таксама юрыст Юры Зянковіч, якія ўтрымліваюцца за кратамі больш за 15 месяцаў. Судовы працэс у адкрытым рэжыме вядзе суддзя Уладзімір Арэшка. На судзе зачыталі ўсім абвінавачванні. Фядута прызнаў віну часткова, а Кастусёў і Зянковіч — не прызналі, Краўчук і Галубовіч — прызналі віну цалкам. "Вясна" сочыць за судовым працэсам і распавядае, як праходзіць рэзанансны суд. Трэці дзень суда па «справе аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» пачаўся з допыту палітзняволенага палітолага і літаратуразнаўцы Аляксандара Фядуты. Як перадае Sputnik, суддзя дазволіў яму адказваць на пытанні седзячы — з-за стану здароўя, аднак ён адмовіўся. Учора яго жонцы ўдалося перадаць для мужа кій, бо ў яго абвастрылася падагра.
Палітолаг яшчэ раз удакладніў сваю пазіцыю па прад'яўленым абвінавачванні:
"Я, як і раней, прызнаю сябе вінаватым часткова. Цалкам прызнаю, што прымаў удзел у змове".
Абвінавачаны Фядута заявіў, што не прызнае сябе вінаватым "перш за ўсё па абцяжваючых абставінах — што злачынства было здзейснена з нізінных памкненняў".
"Я таксама не згодны з тым, што ў змоўшчыкаў былі размеркаваныя ролі і функцыі, а таксама што былі нейкія калегіяльныя рашэнні, таму што ніякіх галасаванняў яе вялося", — сказаў Фядута.
Да таго, як пачалі дапытваць Фядуту, суд спытаў пра стаўленне да прад'яўленага абвінавачвання яшчэ аднаго абвінавачанага — Юрыя Зянковіча. Ён заявіў, што выкажа сваё прызнанне або непрызнанне віны па справе на наступным этапе судовага следства, калі ўсе абвінавачаныя дадуць паказанні.
"Я і ў чыстасардэчным прызнанні пісаў, што лічу Юрыя Зянковіча амбіцыйным і валявым, не занадта разумным чалавекам", — сказаў Фядута.
Пры гэтым ён распавёў, што ў гэтую гісторыю яго уцягнуў Юрый Шчыгельскі, які жыве ў ЗША. Адказваючы на ўдакладняючыя пытанні пракурора, Фядута выказаў сваё меркаванне аб тым, хто арганізаваў змову ваеннага перавароту ў Беларусі.
"Лічу што сапраўдным арганізатарам змовы быў Шчыгельскі, а сувыканаўцам быў Зянковіч", — сказаў ён.
Інфармацыя дапаўняецца.
У чым абвінавачваюць фігурантаў справы?
Усіх абвінавачаных затрымалі ў красавіку 2021 года і з таго часу яны знаходзяцца пад вартай. Аляксандра Фядуту і Юрыя Зянковіча затрымалі 12 красавіка ў Маскве. Рыгора Кастусёва і Вольгу Галубовіч затрымалі ў гэты ж дзень, але ў Беларусі. Дзяніса Краўчука затрымалі толькі праз два тыдні — 26 красавіка. Пасля гэтага КДБ і ФСБ заявілі, што нібыта прадухілілі замах на Лукашэнку і ягоных сыноў, а таксама аб "раскрыцці дзяржаўнага перавароту".
Праз некаторы час па дзяржтэлебачанні паказалі фільм, з якога вынікае, што за абвінавачанымі працяглы час сачылі спецслужбы, а вайскоўцаў, з якімі яны кантактавалі, ім падставілі. КДБ таксама паведаміў, што агулам па справе аб "захопе ўлады" праходзяць дзевяць чалавек: Фядута, Зянковіч, Кастусёў, Галубовіч, а таксама Дзмітрый Шчыгельскі, Аляксандр Перапечка, Павел Кулажэнка, Віталь Макаранка і Ігар Макар.
Вядома, што яны ўдзельнічалі ў зум-сустрэчы і падчас размовы абмяркоўвалі будучыню Беларусі, магчымыя перамены ў краіне, а таксама гучалі і радыкальныя прапановы. Пазней частцы ўдзельнікаў прапанавалі сустрэчу ў рэстаране з беларускімі сілавікамі ў Маскве, дзе іх справакавалі на розныя заявы. Адразу пасля сустрэчы затрымалі Зянковіча і Фядуту.
Раней КДБ паведамляў, што па гэтый крымінальнай справе аб "захопе ўлады" праходзяць дзевяць чалавек, але пад вартай знаходзяцца толькі пяцёра — астатнія за мяжой. Пры гэтым Галубовіч і Краўчука вінавацяць толькі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту. За кратамі "змоўшчыкаў" утрымліваюць ужо больш за 15 месяцаў, а стан здароўя некаторых вельмі пагоршыўся — у Кастусёва нават выявілі анкалагічнае захворванне.
У выніку, фігурантаў вінавацяць па наступных артыкулах Крымінальнага кодэксу:
- Зянковіч абвінавачваецца па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці).
- Фядута і Кастусёў — па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).
- Галубовіч і Краўчук — па ч. 1 арт. 342 КК (актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Падтрымайце фігурантаў справы грашовымі пераводамі, бандэролькамі і пасылкамі, а таксама тэлеграмамі і лістамі салідарнасці па адрасе:
СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
Вольга Пятроўна Галубовіч
Дзяніс Пятровіч Краўчук
Юры Леанідавіч Зянковіч
Рыгор Андрэевіч Кастусёў
Аляксандр Іосіфавіч Фядута
Храналогія суда:
Другі дзень суду па "справе змоўшчыкаў": Рыгор Кастусёў віну не прызнаў
"Вясна" сочыць за судовым працэсам і распавядае, як праходзіць рэзанансны суд.
Пачаўся суд па справе аб "захопе ўлады"
"Вясна" распавядае, у чым абвінавачваюць фігурантаў, і што цяпер вядома па справе.
Крыніца: Трэці дзень суду па "справе змоўшчыкаў": Фядута дае паказанні Дапоўнена