У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Ператрусы

У Баранавічах праходзяць ператрусы ў раней асуджаных за абразу загінулага былога падпалкоўніка ГАУС Аляксея Гецьмана

Як паведамляла "Наша Ніва", Гецьман атрымаў несумяшчальную з жыццём траўму, нырнуўшы і ўдарыўшыся галавою аб дно.

Праваабаронцам стала вядома пра некалькі ператрусаў у людзей, якіх раней асудзілі за абразу Гецьмана. Як паведамляюць мясцовыя жыхары, навіну пра смерць Гецьмана актыўна каментавалі ў мясцовых чатах. Верагодна, сілавікі правяраюць, ці не пакідалі з гэтай нагоды "няправільных" каментароў людзі, якіх раней ужо асудзілі за абразу міліцыянта. Пасля ператрусаў людзей завезлі ў міліцыю, але потым адпусцілі. Таксама вядома, што ў горадзе апошнія дні адбываюцца і іншыя "палітычныя" ператрусы ў мясцовых жыхароў.

Ціск на зняволеных

Палітвязня Дзмітрыя Дубоўскага, асуджанага да 18 гадоў калоніі, на Дзень народзінаў змясцілі ў ШІЗА

Палітвязень Дзмітрый Дубоўскі
Палітвязень Дзмітрый Дубоўскі

Сястра анархіста Дзмітрыя Дубоўскага паведаміла, што яшчэ 29 ліпеня, у ягоны Дзень народзінаў, палітвязня закінулі ў штрафны ізалятар на 10 сутак. Праз гэта ён не трапіў на кароткатэрміновае спатканне з сястрой. Пры гэтым раней яго ўжо пазбавілі працяглага спаткання. Таксама Дзмітрыя па прыбыцці ў калонію паставілі на прафулік як "схільнага да ўцёку" — цяпер у яго чырвоная бірка.

Нагадаем, 22 снежня ў Мінскім абласным судзе агучылі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да анархістаў. Суддзя Вячаслаў Тулейка прызначыў наступныя тэрміны: Аліневічу і Раманаву — па 20 гадоў калоніі; Рэзановічу — 19 гадоў калоніі; Дубоўскаму — 18 гадоў калоніі. Суд з першага пасяджэння адбываўся ў закрытым рэжыме.

Падтрымайце Дзмітрыя лістамі салідарнасці: ПК № 3, 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба Дзмітрыю Мікалаевічу Дубоўскаму.

Міколу Аўтуховіча трэці дзень запар не прывялі на судовае пасяджэнне

Мікалай Аўтуховіч. Фота Юліі Дарашкевіч
Мікалай Аўтуховіч. Фота Юліі Дарашкевіч

У якім стане зняволены ваўкавыскі прадпрымальнік, невядома. 22 дні таму ён пачаў сухую галадоўку. Праз тры тыдні ад пачатку галадавання Аўтуховіча на гэта адрэагавала беларуская прапаганда. На СТВ выйшаў сюжэт, які спрабуе паставіць пад сумнеў тое, што Аўтуховіч галадае. Асноўны іх аргумент — незваротныя змены пачынаюцца ў арганізме ўжо на трэці дзень без вады. Значную частку сюжэту складае інтэрв'ю нібыта з вязнем гродзенскай турмы, піша "Радыё Свабода". Аднак самога Аўтуховіча ў сюжэце не паказалі. Раней, калі з'яўлялася інфармацыя пра тое, што нехта з вязняў абвясціў галадоўку, праўладныя каналы публікавалі відэапацверджання таго, што зняволеныя прымаюць ежу. Так было з Вольгай Такарчук, Уладзімірам Мацкевічам, Ігарам Лосікам і іншымі палітвязнямі. У сітуацыі з Аўтуховічам дзяржаўныя СМІ пішуць, што такога не можа быць, але ніякіх пацверджанняў таго, што Мікола прымае ежу, — не публікуюць.

Новыя "экстрэмісты"

Сетка гомельскіх суполак "Флагшток" прызнаная "экстрэмісцкай"

Праваабаронцам стала вядома, што 27 ліпеня суд Чыгуначнага раёна Гомеля прызнаў інфармацыйную прадукцыю наступных суполак і чатаў "экстрэмісцкімі матэрыяламі":

Крыніца: "Палітычныя" ператрусы, новыя "экстрэмісты" і ціск на зняволеных: хроніка пераследу 30 ліпеня — 1 жніўня