Мінскі абласны суд 1 жніўня ў выязным пасяджэнні працягвае разглядаць "справу аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады". На лаве падсудных знаходзяцца палітзняволеныя палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандар Фядута, кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў, супрацоўніца мінскага офісу Зянковіча Вольга Галубовіч, актывіст і дальнабойшчык Дзяніс Краўчук, а таксама юрыст Юры Зянковіч, якія ўтрымліваюцца за кратамі больш за 15 месяцаў. Судовы працэс у адкрытым рэжыме вядзе суддзя Уладзімір Арэшка. На судзе Фядута прызнаў віну часткова, а Кастусёў — наогул не прызнаў. "Вясна" сочыць за судовым працэсам і распавядае, як праходзіць рэзанансны суд. На другі дзень суда было агучана абвінавачванне палітзняволенаму кіраўніку партыі БНФ Рыгору Кастусёву. Па версіі абвінавачвання, Кастусёў дасягнуў таемнага пагаднення з Зянковічам і Шчыгельскім пра захоп улады неканстытуцыйным шляхам, а таксама пагадзіўся з довадамі аб тым, што гэтыя мэты могуць быць дасягнуць толькі гвалтоўным чынам. Па словах пракурора Кастусёў, знаходзячыся ў сябе дома ў Магілёўскай вобласці, у рэжыме анлайн-канферэнцыі ўдзельнічаў у абмеркаванні плана па захопе ўлады. Акрамя ўжо вядомых Шчыгельскага і Зянковіча дзяржабвінаваўца назваў і прозвішчы некаторых іншых удзельнікаў гутаркі — гэта Хофман, Макар і іншыя асобы, асоба якіх пакуль не ўстаноўленая. Акрамя таго, па словах пракурора, Кастусёў прагаласаваў за ўключэнне ў лік змоўшчыкаў Вольгу Карач, але яна заняла чакальную пазіцыі.

Суд 29 ліпеня
Суд 29 ліпеня

Другі дзень суда: Кастусёў віну не прызнаў, Галубовіч — прызнала ў поўным аб'ёме

Віну Рыгор віну не прызнаў па ч.1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам). У судзе ён растлумачыў, што ўдзельнічаў у анлайн-канферэнцыях "змоўшчыкаў" як слухач, паведамляюць праўладныя СМІ. Кастусёў на стадыі папярэдняга следства таксама віну не прызнаў, пра гэта паведаміла дачка абвінавачанага, спасылаючыся на ягоныя лісты з СІЗА.

Паведамляецца, што 45-гадовая сябра партыі БНФ, былая бухгалтарка мінскай фірмы Зянковіча "Амерыканскі юрыдычны цэнтр" Вольга Галубовіч прызнала віну ў судзе ў поўным аб'ёме. Яе судзяць толькі за актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК). Як паведамлялася ў прапагандысцкіх фільмах, яна ўдзельнічала ў перадачы грошай для тых афіцэраў арміі, якія нібыта былі гатовыя ўдзельнічаць у мецяжы.

Інфармацыя дапаўняецца.

Першы дзень суда: Фядута прызнаў віну часткова

Пачаўся суд па справе аб "захопе ўлады"

"Вясна" распавядае, у чым абвінавачваюць фігурантаў, і што цяпер вядома па справе.

У раскладзе судовых пасяджэнняў на сайце Вярхоўнага суда адразу было пазначана, што суд будзе закрытым, аднак суд прыняў рашэння разглядаць справу ў адкрытым рэжыме. Як паведамляюць тыя, хто прыйшоў на пасяджэнне, людзей пусцілі ў будынак суда і абяцалі пусціць на працэс пасля абеду. Аднак адразу папярэдзілі, што давядзецца здаць тэлефон перад уваходам у залу. Таксама супрацоўнікі суда перапісалі дадзеныя ўсіх, хто прыйшоў на працэс.

Да абеда ў судзе зачыталі абвінавачванне Юрыю Зянковічу і Аляксандру Фядуту. Літаратар прызнаў сваю віну часткова і не пагадзіўся з агучанымі ў абвінавачванні матывамі.

У чым абвінавачваюць фігурантаў справы?

Усіх абвінавачаных затрымалі ў красавіку 2021 когда і з таго часу яны знаходзяцца пад вартай. Аляксандра Фядуту і Юрыя Зянковіча затрымалі 12 красавіка ў Маскве. Рыгора Кастусёва і Вольгу Галубовіч затрымалі ў гэты ж дзень, але ў Беларусі. Дзяніса Краўчука затрымалі толькі праз два тыдні — 26 красавіка. Пасля гэтага КДБ і ФСБ заявілі, што нібыта прадухілілі замах на Лукашэнку і ягоных сыноў, а таксама аб "раскрыцці дзяржаўнага перавароту".

Праз некаторы час па дзяржтэлебачанні паказалі фільм, з якога вынікае, што за абвінавачанымі працяглы час сачылі спецслужбы, а вайскоўцаў, з якімі яны кантактавалі, ім падставілі. КДБ таксама паведаміў, што агулам па справе аб «захопе ўлады» праходзяць дзевяць чалавек: Фядута, Зянковіч, Кастусёў, Галубовіч, а таксама Дзмітрый Шчыгельскі, Аляксандр Перапечка, Павел Кулажэнка, Віталь Макаранка і Ігар Макар.

Вядома, што яны ўдзельнічалі ў зум-сустрэчы і падчас размовы абмяркоўвалі будучыню Беларусі, магчымыя перамены ў краіне, а таксама гучалі і радыкальныя прапановы. Пазней частцы ўдзельнікаў прапанавалі сустрэчу ў рэстаране з беларускімі сілавікамі ў Маскве, дзе іх справакавалі на розныя заявы. Адразу пасля сустрэчы затрымалі Зянковіча і Фядуту.

Раней КДБ паведамляў, што па гэтый крымінальнай справе аб "захопе ўлады" праходзяць дзевяць чалавек, але пад вартай знаходзяцца толькі пяцёра — астатнія за мяжой. Пры гэтым Галубовіч і Краўчука вінавацяць толькі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту. За кратамі "змоўшчыкаў" утрымліваюць ужо больш за 15 месяцаў, а стан здароўя некаторых вельмі пагоршыўся — у Кастусёва нават выявілі анкалагічнае захворванне. 

У выніку, фігурантаў вінавацяць па наступных артыкулах Крымінальнага кодэксу:

Падтрымайце фігурантаў справы грашовымі пераводамі, бандэролькамі і пасылкамі, а таксама тэлеграмамі і лістамі салідарнасці па адрасе:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Вольга Пятроўна Галубовіч

Дзяніс Пятровіч Краўчук

Юры Леанідавіч Зянковіч

Рыгор Андрэевіч Кастусёў

Аляксандр Іосіфавіч Фядута

  

Крыніца: Другі дзень суду па "справе змоўшчыкаў": Рыгор Кастусёў віну не прызнаў Дапоўнена