Гомельскі абласны суд 27 ліпеня разглядае крымінальную справу 30-гадовага IT-спецыяліста Андрэя Уткіна. Яго абвінавачваюць у перадачы фота перамяшчэння расейскай тэхнікі ТГ-каналу "Беларускі Гаюн". паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса – “Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”.
Справу разглядае суддзя Руслан Царук.
На праўладных тэлеграм-каналах паведамлялася, што мужчына сфатаграфаў калону расійскай вайсковай тэхнікі, а менавіта – вайсковыя КАМАЗы з літарай V, і адправіў фота ў телеграм-канал "Беларускі Гаюн".
Палітзняволенага Андрэя Уткіна затрымалі 31 сакавіка і да суда змясцілі ў СІЗА №3 Гомеля.
У першы дзень судовага пасяджэння, 26 ліпеня, суддзя Руслан Царук запытаўся ў Уткіна, чаму той фатаграфію адправіў у "Беларускі Гаюн", а не ў “СБ-Сёння” ці АНТ?
"Калі ехаў па горадзе, здзівіўся, убачыўшы "Камаз" з літарай V побач з плошчай Леніна. Таму вырашыў зрабіць фота і адправіць яго ў Телеграм-канал. Прыкладна праз два тыдні я быў затрыманы супрацоўнікамі ГУБАЗіК у сябе дома. Я быў моцна шакаваны, не ведаў, што за фатаграфію прадугледжаная крымінальная адказнасць", – тлумачыў ён у "пакаяльным" відэа.
Пракурор запрасіў суд прызнаць Андрэя Уткіна вінаватым і пакараць айцішніка пазбаўленнем волі тэрмінам на два гады ў калоніі агульнага рэжыму.
Чакаецца, што прысуд будзе вынесены 1 жніўня.