Юрый Ганцарэвіч. Брэсцкі абласны суд 13 ліпеня пачаў разглядаць крымінальную справу палітзняволенага журналіста Юрыя Ганцарэвіча. Яго абвінавачваюць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядае судовая калдегія пад старшынством Микалая Грыгаровіча

Юрый Ганцарэвіч — журналіст “Intex-press” з Баранавічаў. Быў затрыманы 27 красавіка 2022 года, а 29 красавіка асудзілі на 10 сутак арышту. 

Прыкладна праз тыдзень пасля затрымання журналіста ў праўладных тэлеграм-каналах з'явіўся фрагмент відэа з яго допыту і інфармацыя аб прычыне затрымання Ганцарэвіча: ён нібыта фатаграфаваў расійскую ваенную тэхніку і адпраўляў здымкі ў СМІ, прызнаныя беларускімі ўладамі экстрэмісцкімі.

6 траўня Ганцарэвічу было прад'яўлена абвінавачанне паводле ч. 1 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса Беларусі (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Ён прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін да чатырох гадоў ці пазбаўлення волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў.

Пасля выстаўлення абвінавачання Юрыя Ганцарэвіча перавялі з ІЧУ ў СІЗА. У канцы чэрвеня 2022 ягоную справу перадалі ў Брэсцкі абласны суд.

Крыніца: Пачаўся суд над палітзняволеным журналістам Юрыем Ганцарэвічам