Суд Жабінкаўскага раёна Судом Жабінкаўскага раёна 5 ліпеня разгледжана крымінальная справа ў дачыненні да Аляксандра Жэдзіка, якога абвінавацілі ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса – абраза прэзідэнта Беларусі.

Судовы працэс вяла суддзя Людміла Рубашэўская.

Да суда абвінавачаны быў змешчаны пад варту.

Па матэрыялах абвінавачання Жэдзік, маючы намер на публічную абразу ў непрыстойнай форме прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, размясціў у грамадскіх месцах у Жабінцы партрэты кіраўніка дзяржавы, папярэдне здзейсніўшы ў дачыненні да іх дзеянні абразлівага характару, тым самым прынізіў гонар і годнасць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Сваю віну ў здзейсненым абвінавачаны ў судзе прызнаў.

Прысудам суда абвінавачаны Аляксандр Жэдзік прызнаны вінаватым у публічнай абразе прэзідэнта і  яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Крыніца: Ляпіў у Жабінцы "няправільныя" партрэты Лукашэнкі: чарговы прысуд за абразу прэзідэнта