У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 30 чэрвеня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Палітвязня Паўла Аўчарава ў шклоўскай калоніі будуць судзіць за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі"

У судзе Шклоўскага раёна 6 ліпеня будуць разглядаць крымінальную справу супраць палітзняволенага Паўла Аўчарава, якога раней асудзілі да 5 гадоў калоніі. Цяпер Паўла абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 411 КК — злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. Справу будзе разглядаць суддзя Аляксандр Тараканаў. Палітвязню пагражае да двух гадоў зняволення.

Нагадаем, Аўчарава абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса за падзеі 23 верасня 2020, калі ў Мінску прайшла інаугурацыя Лукашэнкі. У траўні 2021 яму прысудзілі 5 гадоў калоніі.

Палітзняволеную актывістку з Пружанаў Алену Гнаўк змясцілі ў карцар

65-гадовую актывістку Алену Гнаўк адміністрацыя баранавіцкага СІЗА пакарала «суткамі» ў карцары. Там яе будуць утрымліваць да 1 ліпеня.

Нагадаем, 17 чэрвеня палітзняволеную асудзілі на тры з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф 3200 рублёў. Алену прызналі вінаватай па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса.

З 2020 года Алену мэтанакіравана пераследавалі: затрымлівалі і арыштоўвалі па адміністрацыйных артыкулах 17 разоў, штрафавалі агулам на 173 базавых велічыні, дома праводзілі ператрусы, асудзілі па «справе карагодаў» і за абразу Лукашэнкі па крымінальных артыкулах. Пад вартай Алена ўтрымліваецца ўжо пяць месяцаў.

Сёння ў Гродне быў затрыманы Алег Сягоднік

Алег — мантажнік, бацька траіх дзяцей, раварыст, сябра ўжо ліквідаванай арганізацыі «ВелаГродна».

У канцы кастрычніка 2020 года яго затрымалі на ровары разам з сябрамі, а пасля збілі. На яго склалі пратакол па арт.23.34 КаАП. Ён адбыў двое сутак у ізалятары і атрымаў штраф у 20 базавых велічыняў (тады — 540 рублёў).

Таксама ў Гродна сёння быў затрыманы яшчэ адзін мужчына, ягонае імя невядомае.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Затрыманні ў Гродна, ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 30 чэрвеня