Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці 28 чэрвеня 2022г.

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь ды і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на правамерную реалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці патрабуем спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў, і ў  чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:

Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу А. Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў:

  1. Данута Пярэдня, узята пад варту па арт. 361 КК за заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), 368 КК за абразу А. Лукашэнкі;
  2. Юрый Грыгер, узяты пад варту па арт. 369 КК за абразу сложбовай асобы ў каментарыі;
  3. Аляксандр Кудловіч, узяты пад варту па арт. 368 і 369 КК за абразу А. Лукашэнкі і службовых асоб;
  4. Уладзімір Бранавіцкі, ўзяты пад варту за распаўсюджванне пратэснай сімволікі па арт.339 КК;
  5. Аляксандр Пінчук, асуджаны па ч.1 арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі, па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады, па арт 203-1 ч. 3 КК за распаўсюд дадзеных службовых асоб да РБ да 2 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  6. Таццяна Купчына, асуджана па арт. 391 КК за абразу суддзі, па ч.1 арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі, па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады, да 2 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  7. Аляксей Вялешка, асуджаны па ч.1 арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі, па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да 2 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  8. Канстанцін Дудараў, асуджаны па арт. 367 КК за паклеп на А. Лукашэнкі да 1 года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  9. Максім Антановіч, асуджаны па ч.1 арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі да 1 гада пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  10. Міхаіл Ляпейка, падвергнуты прымусовым мерам медыцінскага характару – псіхіятрычнаму ляченню за абразу А. Лукашэнкі;
  11. Аляксандр Кісель, падвергнуты прымусовым мерам медыцінскага характару – псіхіятрычнаму ляченню за абразу А. Лукашэнкі;
  12. Аляксандр Пруднікаў, асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да 1 года і 3 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  13. Ігар Карпіцкі, асуджаны па ч. 1 арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі, па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады, па ч.ч. 1 і 2 арт. 366 КК за пагрозу гвалтам ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, і А. Лукашэнкі, якія была немагчыма выканаць, а таксама за ўдзел у мірным сходзе па ч. 1 арт. 342 КК да сямі гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
  14. Аляксандр Данілевіч, узяты пад варту па арт. 361 КК за заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый)

Ў сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць палітвязняўДануту Пярэдня, Юрыя Грыгера, Аляксандра Кудловіча, Уладзіміра Бранавіцкага, Аляксандра Пінчука, Таццяну Купчыну, Аляксея Вялешку, Канстанціна Дударава, Максіма Антановіча, Міхаіла Ляпейку, Аляксандра Кіселя, Аляксандра Пруднікава, Ігара Карпіцкага, Аляксандра Данілевіча і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
  2. Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
  3. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Прававая ініцыятыва;

Lawtrend;

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Беларускі ПЭН;

Human Constanta.

Крыніца: Заява аб прызнанні 14 новых палітычных зняволеных