26 чэрвеня адзначаецца Міжнародны дзень у падтрымку ахвяраў катаванняў. Гэта дзень, калі ў 1987 годзе ўступіла ў сілу Канвенцыя супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання. На сённяшні дзень Канвенцыя ратыфікаваная 162 краінамі, сярод іх — Беларусь. 35 гадоў таму наша дзяржава ўзяла на сябе абавязальніцтвы прадпрымаць эфектыўныя меры для папярэджання актаў катаванняў на сваёй тэрыторыі. Аднак, нягледзячы на абсалютную забарона катаванняў, беларускія сілавікі працягваюць іх прымяняць. Масавы і дэманстратыўны характар гэта набыло пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Гэтая практыка працягваецца і па сённяшні дзень. Якую працу вядзе Праваабарончы цэнтр "Вясна" у барацьбе з катаваннямі, чаму важна дакументаваць і фіксаваць жорсткае і нечалавечае абыходжанне да сабе з боку дзяржавы, ці будуць прыцягнутыя да адказнасці вінаватыя ў прымяненні катаванняў — разбіраемся з юрыстам "Вясны" Паўлам Сапелкам. Як звяртае ўвагу праваабаронца, "Вясна" займалася тэмай катаванняў яшчэ да трагічных падзей 2020 года:
"Некалькі гадоў таму мы стварылі праект, дзе мэтай было прыцягнуць увагу людзей да таго, што катаванні побач"
"На працягу многіх гадоў тэма барацьбы з катаваннямі і іншымі забароненымі відамі звароту была важнай для "Вясны", праваабаронцы дапамагалі пацярпелым ад катаванняў і жорсткага абыходжання ў абскарджанні дзеянняў уладаў, вялі адвакацыйную і асветніцкую працу. Нам заўсёды было важна данесці да грамадства разуменне абсалютнага і ўніверсальнага характару забароны катаванняў. Гэта азначае, што катаванням і забароненым відам абыходжання не павінен падвяргацца ніхто: ні зняволеныя, ні бяздомныя, ні дзеці ў сем'ях.
Мы ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы дакладаў і паведамленняў у розныя інстытуты ААН – Камітэт па правах чалавека, Камітэт супраць катаванняў, спецыяльным працэдурах, а таксама выступалі за супрацоўніцтва з дзяржавай у напрамку барацьбы з катаваннямі. Некалькі гадоў таму мы стварылі мультымедыйны праект #БезПраваНаРасправу, дзе мэтай было прыцягнуць увагу людзей да таго, што катаванні побач, і ад іх ніхто не абаронены.
Мы падкрэслівалі, што ў Беларусі няма інструментаў і гарантый, якія забяспечылі б права не падвяргацца катаванням і забароненаму абыходжанню. У прыватнасці, гэтым ацэнкам быў прысвечаны наш удзел у працоўнай групе па барацьбе з катаваннямі Платформы грамадзянскай салідарнасці, якая распрацавала індэкс забароны катаванняў (Беларусь у ім – на апошнім горшым месцы)".
Праект пра катаванні ў Беларусі
"Улады робяць усё, каб сцерці сляды сваіх злачынстваў"
Як адзначае юрыст "Вясны", тэрміну даўніны па справах аб катаваннях няма, таму праваабаронцы працягваюць актыўна дакументаваць факты катаванняў і жорсткага абыходжання, у тым ліку за 2020 год. Па словах Паўла Сапелкі, праваабаронцы ўпэўненыя, што вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці:
"Мы робім усё магчымае для таго, каб такое расследаванне адбылося. Для гэтага мы дакументуем парушэнні правоў чалавека, а таксама доказы злачынстваў супраць чалавечнасці. Я веру ў перспектыву суда, і наша задача – дапамагчы суду і дасудоваму расследаванню. Аднак гэта ўзаемная адказнасць – мы не ўсё можам зрабіць без дапамогі ўсіх тых, хто быў сведкам або ахвярай парушэнняў правоў чалавека".
Пры гэтым праваабаронца адзначае, што важна працягваць фіксаваць усе факты катаванняў і жорсткага абыходжання.
"Улады робяць усё, каб сцерці сляды сваіх злачынстваў – пачынаючы ад прапагандысцкіх намаганняў, калі Аляксандр Лукашэнка спрабуе па-свойму пераказаць гісторыю ізалятара на Акрэсціна пасля 9 жніўня 2020 года, і заканчваючы згортваннем расследавання катаванняў, засакрэчваннем матэрыялаў праведзенай праверкі. Нават лічбавыя сляды з часам губляюцца. Таму мы цяпер папаўняем тое, што не робяць афіцыйныя ўлады".
Варта адзначыць, што беларускія следчыя не распачалі ні адной крымінальнай справы па фактах катаванняў і бесчалавечага абыходжання па падзеях 2020 года. Нядаўна праваабаронцам стала вядома, што следчы з Партызанскага райаддзела сталічнага СК Мікіта Старажэнка быў прызначаны ў 2020 годзе весці справу супраць 16-гадовага збітага сілавікамі хлопца Цімура Міцкевіча – тады Мікіта адмовіўся і ў знак пратэсту звольніўся са следчых органаў. Праз паўтара года Старажэнку затрымалі і жорстка збілі, а таксама трымалі ў карцэры ў нечалавечых умовах утрымання. Ужо паўгода экс-следчага, які сам стаў пацярпелым ад катаванняў, утрымліваецца ў СІЗА па крымінальнай справе.
«Мікіта расказваў, што білі нагамі, дубінкамі, намотвалі анучу на галаву», — сукамернік пра затрыманага экс-следчага Старажэнку
"Катавальныя справы аднолькава важныя: як тыя, пра якія мы ведаем цяпер, так і тыя, пра якія раскажуць ахвяры, калі ў іх з'явіцца магчымасць"
Праваабарончы цэнтр "Вясна" па дакументаванні катаванняў супрацоўнічае з дацкай арганізацыяй Dignity – інстытутам па процідзеянні катаванням.
"Гэта нашы даўнія партнёры, і ў самыя першыя дні пасля таго, што адбылося пасля выбараў у жніўні 2020 года, яны прыйшлі да нас на дапамогу –арганізавалі навучанне нашых супрацоўнікаў і актывістаў, іх псіхалагічную падтрымку, метадычную падтрымку нашых экспертаў. Пазней яны сталі ініцыятарамі стварэння новага інструмента, які павінен быў аказаць дапамогу міжнародным механізмам прыцягнення да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці – міжнародная платформа падсправаздачнасці Беларусі (IAPB), якая працуе з красавіка 2021 года і ўяўляе сабой кааліцыю незалежных няўрадавых арганізацый, якія аб'ядналі свае намаганні для збору, кансалідацыі, праверкі і захавання доказаў грубых парушэнняў правоў чалавека, якія ўяўляюць сабой злачынствы па міжнародным праве, учыненых беларускімі ўладамі. У рамках Платформы мы аб'ядналі доказы, сабраныя "Вясной" і Міжнародным камітэтам па расследаванні катаванняў у Беларусі (кааліцыяй беларускіх, украінскіх і расійскіх праваабарончых арганізацый), прайшлі дадатковае прафесійнае навучанне па зборы доказаў, прыцягнулі спецыялістаў і экспертаў высокага класа да гэтай працы. Таксама мы настойліва прасоўваем ідэю ўніверсальнага характару злачынстваў, звязаных з катаваннямі і забароненым абыходжаннем і неабходнасці прыцягнення вінаватых да суду і да адказнасці незалежна ад дзяржаўных межаў".
Павел Сапелка адзначае, што ўсе справы аб катаваннях важныя і пры першай магчымасці будуць расследаваныя:
"Калі з'явіцца рэальная магчымасць нацыянальнага пераследу вінаватых, то я мяркую, што першымі будуць расследаваныя выпадкі гібелі людзей на пратэстах. А адносна катавальных спраў, то я не магу вылучыць нейкіх самых прыярытэтных справаў – яны ўсё аднолькава важныя, як тыя, пра якія мы ведаем цяпер, так і тыя, пра якія раскажуць ахвяры толькі пасля, калі ў іх з'явіцца такая магчымасць. Аднолькава злачынныя і збіццё ў засценках ГУБАЗіКа Вольгі Залатар, і масавае збіццё затрыманых у ЦІП на Акрэсціна. Адказнасць павінны панесці і тыя, хто катаваў, і тыя, хто аддаваў загады, і тыя, хто ў мундзіры пракурора або ў мантыі суддзі спрыяў беспакаранасці злачынцаў".
Праваабарончы цэнтр «Вясна» працягвае збор і дакументаванне фактаў катаванняў у Беларусі
Калі вы пацярпелі ад катаванняў з боку сілавікоў ці сутыкнуліся з бесчалавечным і жорсткім абыходжаннем у СІЗА, парушэннем правоў чалавека — калі ласка, пішыце на: Telegram: @ViasnaDOC | Email: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.. Таксама вы можаце распавесці сваю гісторыю журналістам "Вясны": @Spring96info.
Самыя гучныя гісторыі катаванняў 2021 году і хто да гэтага датычны