Ірына Слаўнікава. Фота: "Радыё Свабода" У Гомельскім абласным судзе 23 чэрвеня пачынаецца разгляд крымінальнай справы палітзняволенай журналісткі Ірыны Слаўнікавай. Яе абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім (ч.1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса) і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным у іх удзеле (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Справу будзе разглядаць суддзя Мікалай Доля.

Ірыну Слаўнікаву затрымалі 30 кастрычніка 2021 года ў Мінскім аэрапорце, калі яна з мужам вярталася з адпачынку. Да суда Слаўнікаву ўтрымлівалі спачатку ў ЦІП на Акрэсціна, затым ў СІЗА № 1 Мінска, а напачатку чэрвеня 2022 года перавялі ў ў СІЗА № 3 Гомеля.

1 лістапада суддзя Першамайскага раёна Максім Трусевіч асудзіў Слаўнікаву да 15 сутак арышту нібыта за захоўванне ў Facebook матэрыялаў, якія былі прызнаныя «экстрэмісцкімі». 15 лістапада другі раз запар журналістка атрымала 15 сутак па абвінавачванні ў «дробным хуліганстве».

А 26 лістапада 2021 года стала вядома, што Ірына Слаўнікава стала падазраванай паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Пазней прад'явілі яшчэ адно абвінавачанне - у стварэнні экстрэмісцкага фарміравання.

Журналістку Ірыну Слаўнікаву абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання, ёй пагражае да 7 гадоў зняволення

Ірына Слаўнікава – былая супрацоўніца “Белсату”, затым штатная супрацоўніца Польскага тэлебачання (TVP) з’яўляецца палітвязнем і неўзабаве паўстане перад судом.

Калега Ірыны, журналіст Аляксей Дзікавіцкі напісаў перад судом у фэйсбуку:

"З лістоў ведаю, што Іра за кратамі трымаецца добра і ніякай «віны» прызнаваць не збіраецца, бо ні ў чым яна, як і тысячы іншых беларускіх патрыётаў, не вінаватая... Ірына, дарагая, вытрымкі табе і хуткага вызвалення з кіпцюроў гэтай злачыннай сістэмы!"

Крыніца: У Гомелі пачынаецца суд над палітзняволенай журналісткай Ірынай Слаўнікавай