У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 15 чэрвеня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Смаргоні затрыманы мясцовы актывіст
Раніцай 15 чэрвеня ў Смаргоні супрацоўнікі міліцыі затрымалі вядомага мясцовага актывіста Уладзіміра Шульжыцкага. Пакуль невядомыя ні прычына затрымання, ні месца, дзе яго ўтрымліваюць.
За кіраўніцтва экстрэмісцкім чатам затрыманы 25-гадовы віцебчук
Чат, які ставяць у віну хлопцу, быў створаны яшчэ ў 2020-м, калі ў краіне праходзілі масавыя пратэстныя акцыі. Затрыманы – Максім Собалеў, яму 25 гадоў і родам ён з Віцебска. Не так даўно ён скончыў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Машэрава, паведамляе "Віцебская вясна".
Сілавікі сцвярджаюць, што Максім некалі быў адміністратарам чата, які пасля прызналі экстрэмісцкім. Згодна з іх паведамленнем, на Максіма заведзеная крымінальная справа ў рамках якой вядуцца следчыя дзеянні.
На Берасцейшчыне яшчэ тры тэлеграм-рэсурсы прызналі экстрэмісцкімі
У якасці заяўніка ў Баранавічах на судзе выступіла Упраўленне ваеннай контрвыведкі КДБ Рэспублікі Беларусь, а ў якасці зацікаўленай асобы – Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Суддзя Жанна Капачэўская прызнала экстрэмісцкім тэлеграм-канал „HARBACEVIČ”. Таксама ў Лунінцы суддзя Кацярына Клеўжыц прызнала экстрэмісцкімі тэлеграм-рэсурс „Мікашэвічы_97”, на судзе канал названы быў тэлеграм-чатам і „Мікашэвічы_чат”, што з’яўляецца звязаным з папярэдняй пляцоўкай чатам, піша Беларускае Радыё Рацыя.
Інфармацыя будзе дапаўняцца.
Крыніца: Затрыманні ў Смаргоні і Віцебску: хроніка пераследу 15 чэрвеня