У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Арышт за чат, якога ўжо няма

Аляксандр Захожы
Аляксандр Захожы

З’явіліся навіны пра затрыманага ўчора - 14 чэрвеня - 29-гадовага супрацоўніка Мінскінжпраекта Аляксандра Захожага. Меркавана, ён быў адміністратарам дваравога чата "9-ы кіламетр", які не значыцца ў спісе "эктрэмісцкіх" матэрыялаў ці фармаванняў, і якога зараз ужо не існуе. Па інфармацыі праваабаронцаў, суд Першамайскага раёна прызначыў Аляксандру 12 сутак арышту. Але па якім артыкуле асудзілі хлопца, невядома.

Затрыманне нібыта за каментар пра памерлага міліцыянта

Раман Дзергачоў
Раман Дзергачоў

У Мінску затрымалі Рамана Дзергачова. Пра гэта паведамляе "Наша Ніва". Вядома, што хлопцу 22 гады, што родмам ён з Капыля, але апошнія некалькі год жыў у Мінску. Сілавікі сцвярджаюць, што хлопец нібыта пакінуў абразлівы каментар у сацсетках пад навіной пра памерлага аператыўніка Шклоўскага РАУС. Вядома, што цяпер Раман адбывае адміністрацыйны арышт, які мусіць скончыцца 22 чэрвеня.

Яшчэ адзін зняволены адвакат

Вячаслаў Чычын
Вячаслаў Чычын

Затрыманы адвакат Мінскай абласной калегіі адвакатаў Вячаслаў Чычын. Прычына затрымання пакуль невядомая.

Новыя "тэрарысты"

КДБ папоўніў спіс "тэрарыстаў" дзевяццю прозвішчамі. Сярод іх чатыры палітвязні. У спіс дадалі:

Такім чынам, у спісе "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці" КДБ ужо больш за 70 беларусаў, у тым ліку Святлана Ціханоўская, Павел Латушка і іншыя.

33 забароненых пісьменніка

Спіс забароненых аўтараў
Спіс забароненых аўтараў

З паліц школьных бібліятэк знікнуць Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Алесь Разанаў, Альгерд Бахарэвіч, Віктар Марціновіч, Уладзімір Някляеў, Сяргей Дубавец... Усяго 33 літаратара. Як паведамляе @by_culture, у школьныя бібліятэкі прыйшоў спіс аўтараў, кнігі якіх трэба прыбраць з карыстання. Усе літаратары — сябры ліквідаванага ўладамі Саюза беларускіх пісьменнікаў. Аўтары допіса адзначаюць, што прозвішча Андрэя Хадановіча і Уладзіміра Някляева цэнзары не здолелі нават правільна напісаць.

Крыніца: "Прыбраныя" пісьменнікі, новыя "тэрарысты" і арышты "незразумела за што": хроніка пераследу 14 чэрвеня