У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманні

Праваабаронцы даведаліся, што 10 чэрвеня ў Смаргоні затрымалі лекара — спецыяліста ультрагукавога даследвання Яўгена Бужынскага. Пра прычыны і акалічнасці затрымання пакуль нічога не вядома.

Аксана Аўчынская
Аксана Аўчынская

11 чэрвеня праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманне ў Мазыры 23-гадовай мясцовай жыхаркі Аксаны Аўчынскай. На "пакаяльным відэа" яна "прызнаецца" у тым, што даслала інфармацыю аб перасоўванні расійскіх вайскоўцаў тэлеграм-каналу "Беларускі Гаюн". Супраць дзяўчыны распачата крымінальная справа.

З’явіліся навіны пра Дзмітрыя Шабетніка - сына рэчыцкага актывіста Алега Шабетніка. Дзмітрыя затрымалі напрыканцы мінулага тыдня, пасля чаго некалькі дзён сваякі нічога не ведалі пра ягоны лёс. Толькі 13 чэрвеня стала вядома, што яго падазраюць у распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт. 130 Крымінальнага кодэкса). Ён утрымліваецца ў следчай турме № 8 у Жодзіна. Пра гэта паведамляе "Палеская Вясна".

Алена Зубрава
Алена Зубрава

13 чэрвеня ў Наваполацку затрымалі Алену Зубраву - выкладчыцу гісторыі СШ №2 Наваполацка. Паводле папярэдняй інфармацыі, настаўніцу затрымалі за нейкі рэпост — бліжэйшым часам над ёй павінен адбыцца суд па адміністрацыйнай справе.

Ціск на палітвязняў

Сцяпан Латыпаў
Сцяпан Латыпаў

Родныя палітзняволенага Сцяпана Латыпава, які адбывае тэрмін у калоніі "Воўчыя норы", паведамілі пра тое, што ціск на яго працягваецца. Так, у іх ёсць дадзеныя, што прыкладна ў сярэдзіне траўня палітвязня закінулі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Гэта спецыяльная камера, куды пераводзяць вязняў у якасці спагнання за злосныя парушэнні вызначанага парадку калоніі. Там яны маюць права атаварвацца ў турэмнай краме на адну базавую велічыню ў месяц, атрымліваць адну бандэроль на працягу шасці месяцаў, мець штодзённы шпацыр працягласцю 30 хвілін і хадзіць на працу. Па словах сваякоў Сцяпана, за першыя два тыдні ў ПКТ ён атрымаў толькі два лісты, адзін з якіх — ад бацькі. У сваім лісце Сцяпан шкадуе, што правядзе лета ў камеры: ён не паспеў нарадвацца кветкам увесну. Прасіў пісаць часцей.

Падтрымайце палітвязня лістом салідарнасці. Адрас такі: ПК №22, 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20.

Сцяпану Сяргеевічу Латыпаву.

Пішыце Сцяпану ў лістах і паштоўках пра лета, укладайце фота. "Вясна" запусціла падлік лістоў і паштовак, дасланых Сцяпану ў калонію (пачынаючы са снежня 2021): так ён хаця б будзе ведаць, што яму пішуць нашмат болей, чым яму перадаюць. Пазначце, калі ласка, у Google-форме, колькі пасланняў і калі вы адправілі (можна прыблізную колькасць). Гэта зойме паўхвіліны, можна ананімна. Актыўная спасылка на форму ТУТ. Таксама вы можаце высылаць фота або тэксты пасланняў на пошту Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду., каб вашыя высілкі не былі змарнаваныя. Сцяпан усё дакладна прачытае, калі выйдзе.

Нагадаем, 16 жніўня 2021 года Сцяпана Латыпава асудзілі да 8,5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і аштрафавалі на 300 базавых велічыняў. За пяць месяцаў у калоніі Латыпава змяшчалі ў ШІЗА агулам на 32 дні, 27 з каторых ён адбыў у лютым.

Ігар Аліневіч
Ігар Аліневіч

Стала вядома, што палітзняволенага Ігара Аліневіча па прыбыцці ў ПК-20 з каранціну адразу адправілі ў ШІЗА.

Нагадаем, яго, а таксама Дзмітрыя Дубоўскага, Дзмітрыя Рэзановіча і Сяргея Раманава, абвінавацілі па шэрагу артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ і дзяржаўнага камітэта экспертыз у Гомельскай вобласці. 22 снежня 2021 года ў Мінскім абласным судзе быў вынесены прысуд фігурантам гэтай крымінальнай справы. Ігар Аліневіч атрымаў 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Падтрымайце палітвязня лістом салідарнасці. Адрас такі: ПК №20, 247755, Гомельская вобл., Мазырскі р-н, Міхалкоўскі сельсавет, 70.

Ігару Уладзіміравічу Аліневічу.

Уладзімір Сушко
Уладзімір Сушко

Палітзняволенаму Уладзіміру Сушко ўзмацнілі рэжым і перавялі з "хіміі" у папраўчую калонію да канца тэрміну зняволення. Вядома, што з папраўчай установы № 24, дзе ён адбываў тэрмін, яго перавялі прыкладна тры месяцы таму. Яго месцазнаходжанне ўдакладняецца.

Нагадаем, суд Жлобінскага раёна асудзіў Уладзіміра на два гады "хіміі" за каментар пра міліцыянта ў тэлеграм-канале. Мужчыну прызналі вінаватым па арт. 369 Крымінальнага кодэксу "Абраза прадстаўніка ўлады". З трэцяга сакавіка 2021 года Уладзімір адбываў тэрмін ў гродзенскай папраўчай установе № 24.

Павел Севярынец. Фота: Надзея Гацак
Павел Севярынец. Фота: Надзея Гацак

Палітвязня Паўла Севярынца ў шклоўскай калоніі пазбавілі працяглага спаткання.

Мінулае працяглае спатканне ў Паўла было ў снежні 2021 году. Але ў красавіку адміністарцыя папраўчай калоніі № 17 прызнала лідара Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі "злосным парушальнікам рэжыму". Тады яму скарацілі дазволеную колькасць званкоў дадому і грашовых пераводаў.

Нагадаем, у траўні 2021 Севярынцу і яшчэ шасці палітвязням прысудзілі ад чатырох да сямі гадоў калоніі. Вядома толькі, што іх абвінавачвалі па некалькіх частках "пратэснага" артыкула 293 Крымінальнага кодэкса, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме. За кратамі Паўла ўтрымліваюць больш за два гады.

Падтрымайце Паўла лістамі салідарнасці. Адрас такі: ПК №17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8, Паўлу Канстанцінавічу Севярынцу.

Вячаслаў Папоў
Вячаслаў Папоў

Палітвязню Вячаславу Папову, асуджанаму да трох гадоў "хіміі", пераводзяць у калонію. Па інфармацыі праваабаронцаў, 9 чэрвеня ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна адбыўся разгляд справы аб узмацненні рэжыму палітвязню Вячаславу Папову. Суддзя Віталь Лабоцкі пастанавіў перавесці Вячаслава з "хіміі" у папраўчую калонію. Яму засталося адбыць у калоніі прыкладна 9 месяцаў. Пакуль невядома, куды накіруюць палітвязня.

Нагадаем, мінчука затрымалі 10 сакавіка 2021 года ў сябе дома. Дачакаўшыся, пакуль бацькі Вячаслава з’едуць, сілавікі ўзламалі дзверы ў кватэры, паклалі хлопца на падлогу і моцна збілі. У кватэры быў праведзены ператрус, на які бацькоў не пусцілі. Яго абвінавацілі па артыкуле 342 КК "Удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" па падзеях 9-10 жніўня ў Мінску. 10 ліпеня 2021 Вячаславу прызначылі 3 гады "хіміі". Тэрмін хлопец адбываў у гродзенскай ПУАТ №24.

Папаўненні ў спісе "экстрэмістаў"

Інфармацыйная прадукцыя тэлеграм-каналаў "Салiдарнасць БДПУ", "ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ" і "HARBACEVIČ" прызнаныя экстрэмісцкай. Адпаведнае рашэнне прыняў 6 чэрвеня суд Цэнтральнага раёна Мінска і суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы.

Крыніца: Яшчэ большы ціск на палітвязняў, новыя затрыманні і "экстрэмісты": хроніка пераследу 11-13 чэрвеня